Пераможныя засталіся за бортам. Каго ЦВК пакінуў у бюлетэні?


14 ліпеня беларускі Цэнтрвыбаркам завяршыў рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты. У выбарчай гонцы засталіся шэсць прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду кіраўніка краіны з 55-і тых, хто падаваў дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў у траўні.

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Дзейны кіраўнік Беларусі, якому сёлета спаоўніцца 66 гадоў, кіруе краінаю нязменна з 1994 года – то бок, 26 гадоў запар. Гэта ўжо шостая прэзідэнцкая кампанія з ягоным ўдзелам. Хоць сам ён ужо і «наеўся ўлады», але пакінуць прэзідэнцкі фатэль не хоча. Магчымасць абірацца на трэці і чарговыя тэрміны ён атрымаў праз рэферэндум 2004 года, у выніку якога скасаваў Канстытуцыйныя абмежаванні на два прэзідэнцкія тэрміны.

Меркаванні
Эфект ссінелых пальцаў. Чаму ён не сыходзіць?
2020.07.03 13:51

Сёлета за Лукашэнку афіцыйна сабралі 1 939 572 подпісы. Такім чынам, калі верыць звесткам ЦВК, Лукашэнку падтрымаў больш як кожны чацвёрты грамадзянін краіны, які валодае выбарчым правам. Кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групай з’яўляецца Міхаіл Орда – старшыня праўладных прафсаюзаў.

Андрэй Дзмітрыеў

Фота: vk.com/dzmitryeu

39-гадовы сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў раней двойчы сам кіраваў ініцыятыўнымі групамі кандыдатаў на прэзідэнта – Уладзіміра Някляева ў 2010 годзе і Таццяны Караткевіч у 2015-м. Палітыкі вылучаліся ад імя згаданай грамадзянскай кампаніі.

Hавiны
Ад «спойлераў» да рэальных канкурэнтаў. Хто і з чым дайшоў да фіналу збору подпісаў?
2020.06.19 23:28

Сёлета, паводле ЦВК, ён здаў у сваё падтрыманне больш за 110 тыс. подпісаў, з якіх ЦВК зарэгістраваў больш за 106 тыс. Падчас рэгістрацыі ў Цэнтрвыбаркаме Дзмітрыеў адзначыўся найбольш рэзкай і апазіцыйнай прамовай сярод усіх кандыдатаў.

Ганна Канапацкая

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

43-гадовая Ганна Канапацкая ў 2016-2019 гадах была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Перад сканчэннем сваіх паўнамоцтваў стала аўтаркай законапраекту пра гарантыі прэзідэнту ў выпадку ягонага сыходу з пасады, што называе крокам у бок дэмакратыі. У 2019 годзе яе выключылі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад якой яна балатавалася на дэпутатку ў 2016-м.

Белсат Zoom
ЦВК троліць Ганну Канапацкую?
2020.07.08 09:30

На гэтых выбарах Канапацкая заявіла, што здала ў сваё падтрыманне 110 тыс. подпісаў, але ЦВК налічыла больш за 146 тысячаў. Пасля гэтага палітык заявіла, што яна агучвала раней няпоўныя звесткі.

Сяргей Чэрачань

Сяргей Чэрачань. Фота са старонкі ў фэйсбуку

35-гадовы бізнесовец Сяргей Чэрачань з’яўляецца наймаладзейшым сярод усіх прэтэндэнтаў. Раней ён быў чальцом праўладнай Камуністычнай партыі, а ў 2018-м узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду Станіслава Шушкевіча.

Hавiны
Улады патрабуюць ад Чэрачня прызнаць колькасць агучаных ЦВК подпісаў
2020.07.06 20:38

На сёлетніх выбарах, як і ў выпадку з Ганнай Канапацкай, ягоная ініцыятыўная група паведаміла, што сабрала 106 тыс. подпісаў у яго падтрыманне, але ў галоўнай выбарчай камісіі яму налічылі 143 тысячы подпісаў. Палітык дадатковыя подпісы не прызнаў, але і не абскардзіў.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская не збіралася ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Прэзідэнцкія амбіцыі меў і агучыў ейны муж Сяргей, які стаў вядомым як папулярны відэаблогер і стваральнік каналу «Страна для жизни». Але ж яму адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён у гэты час быў затрыманы міліцыяй і не змог асабіста падаць дакументы. У выніку Святлана Ціханоўская падала дакументы ад сябе, а муж стаў кіраўніком ейнай ініцыятыўнай групы. Да пікетаў Ціханоўскіх выстройваліся вялікія чэргі, а 29 траўня ў Горадні Сяргея Ціханоўскага затрымалі. Супраць яго распачатая крымінальная справа.

Тым не менш, Святлана Ціханоўская здолела сабраць у сваё падтрыманне каля 110 тыс. подпісаў, з якіх былі прызнаныя амаль 105 тыс.

Hавiны
Не пагаліўся. Ціханоўскага ў трэці раз пасадзілі ў карцар
2020.07.13 22:11

Не зарэгістраванымі апынуліся самыя папулярныя патэнцыйныя кандыдаты, якія здалі ў сваё падтрыманне найбольш подпісаў сярод альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, – былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, які з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, і стваральнік і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала.

Па выніках нерэгістрацыі прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава заявіла на прыступках ЦВК, што каманда не збіраецца складваць рукі, будзе займацца назіраннем і падаваць у суд на нерэгістрацыю. Збіраецца працягваць сваю кампанію і штаб Валера Цапкалы, паведаміў кіраўнік ягонага штабу Андрэй Ланкін. Падрабязнасці яны паабяцалі агучыць на прэс-канферэнцыях.

Абноўлена
Бабарыку і Цапкалу знялі з выбараў
2020.07.14 11:17

Прапаганда не дапамагла

У каментары belsat.eu выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Зміцер Кухлей адзначыў, што ўлады не зарэгістравалі найперш найбольш моцнага канкурэнта – Віктара Бабарыку.

«Пасля падачы дакументаў яны зрабілі шэраг захадаў для зніжэння яго рэйтынгаў – кампанію дыскрэдытацыі ды масавую прапаганду. Але відаць, гэта не прынесла дастаткова плёну, бо рэйтынгі Бабарыкі не пайшлі ўніз так, як чакалася. Думаю, што былі адпаведныя замеры, бо напачатку канчатковага варыянту, як у дачыненні да Цапкалы не было. Цапкалу адразу сказалі, што подпісаў яму не хапае, але ў Бабарыкі хапала і подпісаў, і не было праблемы з дэкларацыяй. Відаць, што дзеянні ўладаў для дыскрэдытацыі Бабарыкі не далі плён, і яны вырашылі ўвогуле лепш не рэгістраваць кандыдата», – адзначыў эксперт.

Паводле яго, рэгістрацыя Дзмітрыева, Канапацкай і Чэрачня была найбольш чаканай.

«Гэта выходзіла і з дзеянняў Цэнтрвыбаркаму, і з праверкі подпісаў, у выніку якой у некаторых іх колькасць нечакана павялічылася», – мяркуе Кухлей.

У выпадку з Ціханоўскай, на яго думку, на яе рэгістрацыю паўплывала ейная недасведчанасць як палітыка і поўны разгром ейнай групы крымінальным пераследам.

«У выніку атрымліваюцца чатыры супернікі, якія павінны расцягнуць галасы (апазіцыйнага электарату. – Рэд. belsat.eu). Найбольш радыкальны элемент прыпадае, канечне, на Ціханоўскую», – падкрэсліў суразмоўцу.

Далейшае развіццё падзеяў, мяркуе ён, будзе залежыць ад таго, ці змогуць аб’яднацца штабы некандыдатаў аб’яднацца, у тым вакол Святланы Ціханоўскай, і правесці супольную кампанію.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў