Перамога жанчын і дэмакратыі: эфекты «Чорнага панядзелка»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/7CsLeIWs5sc”][vc_column_text]Ідэалагічная барацьба вакол справы абортаў у Польшчы прывяла да шматтысячных жаночых пратэстаў і, у выніку, – перамогі статус-кво. Польскі парламент не падтрымаў у другім чытанні грамадзянскі праект, які прадугледжваў поўную забарону абортаў. Але гарачая дыскусія на гэтым не скончылася.

Мінулы панядзелак увойдзе ў гісторыю Польшчы як дзень двух пратэстаў.

На «Чорны пратэст» феміністычныя арганізацыі вывелі на вуліцы польскіх гарадоў каля сотні тысячаў жанчын, якія пратэставалі супраць намеру польскага парламенту разглядзець новы праект закону аб амаль поўнай забароны абортаў.

«Праект закону які разглядае Сейм давядзе да таго, што жанчыны пачнуць паміраць у гэтай краіне», – лічыць феміністка Агнешка Граф.

Пад праектам закону «Стоп абортам», які выклікаў пратэсты, падпісалася 450 тыс. грамадзянаў. Аўтарам праекту з’яўляецца малавядомы Інстытут на карысць юрыдычнай культуры «Ordo Iuris». Гэта група юрыстаў, якая запрапанавала амаль цалкам забараніць аборты. Выключэннем павінныя былі стаць выпадкі, калі цяжарнасць пагражае жыццю або здароўю цяжарнай жанчыны.

«Жанчына сама павінная вырашаць рабіць аборт ці не», – кажа ўдзельніца пратэсту.

Нядаўна феміністычныя арганізацыі прадставілі ў парламенце свой контрпраект закону «Ратуйма жанчыны», які падпісала больш 215 тысяч грамадзянаў. Ён прадугледжвае легалізацыю абортаў да 12-і тыдняў цяжарнасці, дзяржаўнае фінансаванне контрацэптываў і ўвядзенне сексуальнай адукацыі ў школах.

Дэпутаты Сейму адкінулі яго яшчэ ў першым чытанні. Апазіцыя абвінаваціла палітыкаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» у тым, што гэта менавіта яны былі аўтарамі кансерватыўнага праекту. Ад самага пачатку партыя Яраслава Качынскага дыстансавалася ад абодвух праектаў.

«Праекты, якія датычаць абортаў з’яўляюцца выключна грамадзянскімі праектамі. Партыя «Права і справядлівасць» і ўрад не маюць з тым нічога супольнага», – кажа прэсавая сакратарка «ПІС» Бэата Мазурэк.

Калі на плошчах адныя польскія жанчыны дамагаліся дазволу абортаў, іншыя маліліся ў касцёлах за ненароджаных дзяцей. Белы пратэст падтрымала і польскае духавенства, якое традыцыйна выказваецца за абарону людскага жыцця ад самога зачацця да натуральнай смерці.

«Калі хоць раз паставім пад сумнеў каштоўнасць чалавечага жыцця, усё становіцца магчымым – нават пекла на зямлі», – кажа арцыбіскуп Варшавы-Прагі Генрык Хозер.

У чацвер перамог статус-кво: парламенцкая большасць адкінула кансерватыўны грамадскі праект. «Права і справядлівасць» паабяцала ў бліжэйшым часе прадставіць свой уласны праект закону аб абортах. Палітыкі «ПІС» абяцаюць да канца месяца знайсці сродкі ў бюджэце наступнага году каб правесці інфармацыйную кампанію ў абароне жыцця. Гэтыя сродкі будуць таксама прызначаныя на падтрыманне сем’яў, якія выхоўваюць хворых дзяцей, а таксама жанчын, якія вырашыліся нарадзіць нягледзячы на ўнутраўтробныя хваробы.

«Я гарантую, што «Права і справядлівасць» бараніла і надалей будзе бараніць жыццё», – абвесціў кіраўнік «ПІС» Яраслаў Качыньскі.

А цяпер дзейнічае закон прыняты яшчэ ў 1993 годзе. Паводле яго аборты ў Польшчы можна рабіць, калі цяжарнасць пагражае жыццю або здароўю цяжарнай жанчыны, калі цяжарнасць стала вынікам гвалту або калі існуе вялікая імавернасць незваротнага пашкоджання плоду ці яго невылечнай хваробы.

Падобнае заканадаўства, акрамя Польшчы існуе яшчэ ў двух краінах Еўразвязу – на Мальце і ў Ірландыі. У Лацінскай Амерыцы, у Сальвадоры, аборты забароненыя цалкам. Забароненыя яны таксама амаль ва ўсіх краінах Афрыкі і Паўднёвай Азіі.

У Беларусі аборты дазволеныя. У 2015 годзе не нарадзілася каля 30 тыс. дзяцей. Найбольш абортаў у рэгіёне робяць грамадзянкі Расеі. У мінулым годзе не нарадзілася там ажно 450 тыс. дзяцей. Не вельмі добра сітуацыя выглядае ва ў суседняй Украіне дзе статыстычна штогод робіцца каля 100 тыс. абортаў.

Польская дыскусія на конт гэтай праблемы перанеслася ў Расею: забараніць аборты прапанаваў патрыярх Кірыл. Размаўляюць пра гэта таксама і ўва ўкраінскай Радзе. Беларусы таксама кінуліся абмяркоўваць справу абортаў. Незадаволены цяперашнім статус-кво, напрыклад, Павел Севярынец з «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі»: «Аборт – гэта забойства ненароджанага дзіцяці. Пачынаць трэба са стратэгіі абароны жыцця. Мяняць заканадаўства якое есць у дачыненні да абортаў у Беларусі трэба. Гэта вялізная праблема».

«20-30 тыс. абортаў у год – гэта знішчэнне насельніцтва сярэдняга беларускага раённага цэнтру», – кажа Севярынец.

Есць аднак і тыя, каму існуючы стан рэчаў цалкам адпавядае, бо статыстычна лічба абортаў скарачаецца, нягледзячы на тое, што закон не мяняецца. Варта прыгадаць, што на пачатку 90-х у нашай краіне рабілі некалькі сотняў тысячаў абортаў штогод.

«Лічу, што нам не патрэбныя змены ў заканадаўстве, што тычацца аборту як медычнай аперацыі. Аборт павінен заставацца легальным, бо толькі легальнасць робіць гэтую працэдуру бяспечнай. У Беларусі цягам шмат гадоў няма ніякага курсу па сексуальнай адукацыі. Гэта прыводзіць да падлеткавай цяжарнасці. Хто ў гэтым вінаваты? Бацькі, якія не растлумачылі і не паказалі», – кажа Ірына Альхоўка з арганізацыі «La Strada».

Гарачы пачатак палітычнай восені ў Польшчы паказаў, што там у чарговы раз перамагла дэмакратыя.

Руслан Шошын

Стужка навінаў