Арменія верне частку тэрыторыі Азербайджану, а на астатняй частцы Нагорнага Карабаху фактычна будуць ўведзеныя міратворцы – расейскія і, з вялікай верагоднасцю, турэцкія. Пра гэта ў панядзелак позна ўвечары паведамілі медыі.
Азербайджанскія войскі ўзялі пад свой кантроль горад Шуша, сведчыць відэазапіс, які апублікавала ў панядзелак Міністэрства абароны Азербайджана. Гэта значыць, што перарэзанай аказалася важнейшая дарога, якая забяспечвае сувязь Арменіі з непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай (НКР).
Арменія ўжо не магла знайсці сілы на контрудар, не аказалі ёй сур’ёзнай дапамогі іншыя значныя гульцы ў рэгіёне – Расея і Іран. Такім чынам самаабвешчаная НКР атрымала смяротны вырак – без лагістычнай і вайсковай падтрымкі з Арменіі яна не мела шанцаў на колькі-небудзь доўгі супраціў Азербайджану.
У той жа час Турцыя паказала, што можа аказваць вызначальны ўплыў на падзеі ў Закаўказзі, паступова выціскаючы Маскву з паўднёвых рэгіёнаў былой савецкай прасторы.
«Мы жили на этой земле 3000 лет, и никто нас выгнать не сможет!» Ночью протестующие в Ереване ворвались в здание парламента и устроили там погром. Причина конфликта — новое заявление о перемирии, которое подписали Армения, Азербайджан и Россия pic.twitter.com/YPfv5A2x0q
— Открытые медиа (@OpenMedia_io) November 10, 2020
Армяне і азербайджанцы аспрэчваюць гістарычную прыналежнасць Карабаху/Арцаху, і этнічныя супярэчнасці тут рэзка абвастрыліся ў апошні перыяд існавання СССР. Голасна сталі гучаць прапановы перадачы Нагорна-карабахскай аўтаномнай вобласці (НКАВ) Азербайджана, дзе большасць насельніцтва (каля 77% у 1989 годзе) складалі армяне, у склад Арменіі.
Адбыліся сутыкненні ў Карабаху, а потым і антыармянскія пагромы ў некаторых гарадах Азербайджана ў 1988-1990 гадах. У 1991 годзе пачаліся баі паміж неафіцыйнымі азербайджанскімі і армянскімі ўзброенымі фармаваннямі.
Пасля таго, як Арменія і Азербайджан абвесцілі незалежнасць і атрымалі запасы зброі войскаў СССР, гэтыя баі перараслі ў сапраўдную адкрытую вайну. У ёй фактычна перамог армянскі бок, і ў 1994 годзе НКР стала непрызнанай дзяржавай пад пратэктаратам Арменіі.
Сам Карабах не мае агульнай мяжы з Арменіяй, таму армяне занялі вялікую частку азербайджанскай тэрыторыі, каб «прабіць» і ахоўваць калідор да тэрыторыі Арменіі. У той жа час паміж Арменіяй і Іранам – заціснутая Нахічэванская аўтаномная рэспубліка Азербайджана, якая не мае наземнага кантакту з асноўнай тэрыторыяй дзяржавы.
Больш багаты – людзьмі і нафтай – Азербайджан 20 год не шкадаваў грошаў для выпраўлення памылак пачатку 1990-х гадоў, калі яму не атрымалася стварыць дастаткова эфектыўную армію. Войска Азербайджана атрымала шмат новага ўзбраення, былі прынятыя стандарты падрыхтоўкі і арганізацыі NATO.
Ужо не адно пакаленне азербайджанскіх афіцэраў атрымлівала адукацыю ў заходніх, найперш турэцкіх, навучальных установах.
Важнейшым хаўруснікам Азербайджана стала не Расея, як у Арменіі, а Турцыя, краіна NATO. Шмат тэхнікі, перш за ўсё, беспілотнікі – куплялі ў Ізраіля (і той жа Турцыі).
У кастрычніку 2020 года азербайджанскае войска прайшло з поўдня на поўнач, адразаючы НКР ад тэрыторыі Арменіі, і перарэзала важнейшыя лагістычныя артэрыі, якія звязваюць непрызнаную рэспубліку з Ерэванам.
Армянскія войскі на ўсход ад Шушы фактычна аказаліся ў атачэнні, і іхныя капітуляцыя ці знішчэнне зрабіліся толькі справай часу.
Як мінімум разведвальную і ваенна-тэхнічную дапамогу азербайджанцам аказвала пры гэтым Турцыя, што сведчыць пра зусім новую ролю гэтай краіны на Каўказе і скарачэнне ўплыву тут Расеі, якая не аказала падтрымку сваёй афіцыйнай хаўрусніцы па АДКБ – Арменіі.
Іншая вялікая дзяржава рэгіёна – Іран, які можа быць заклапочаны ўзмацненнем ролі Турцыі каля сваіх межаў, вырашыў застацца, як мінімум часова, у баку ад канфлікту. Па-першае, Іран у Сірыі ўжо зʼяўляецца супернікам Турцыі і заходняй кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША, што зʼядае шмат іранскіх рэсурсаў. Па-другое, прыкладна 16% насельніцтва Ірану складаюць азербайджанцы, што прымушае Тэгеран устрымацца ад любых крокаў, якія будуць выглядаць як антыазербайджанскія.
Ваенны крах НКР можа азначаць вялікую гуманітарную катастрофу – вымушаную міграцыю з рэгіёна прыкладна 150 000 армянскага насельніцтва, у памяці якога засталіся і заўсёды былі мабілізуючым фактарам антыармянскія пагромы ў апошнія гады СССР.
Магчыма, мірнае пагадненне ад 9 лістапада зможа перадухіліць масавыя ўцёкі армянскіх уцекачоў і поўную змену этнакультурнага ландшафту Нагорнага Карабаха.
Аляксандр Гелагаеў
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.