Перамаглі! 154 прыватныя сядзібы ў Кастрычніцкім раёне Менску пакуль не будуць зносіць


Жыхароў прыватнага сектару, што ў Кастрычніцкім раёне Менску, спачатку не пускалі назіраць за працай камісіі, якая ўносіць змены ў дэталёвы план забудовы тэрыторыі ў межах вуліц Аэрадромнай, Авакяна, Варанянскага і Ляўкова. Па плане тут мусяць знесці 154 прыватныя сядзібы. Але абураныя людзі выклікалі міліцыю і дабіліся, каб іх пусцілі на паседжанне. У выніку рашэнне па забудове пакуль адкладзенае.

Схема зносу прыватнага сектару

У сераду, 19 снежня, у будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску адбылося паседжанне камісіі наконт плану дэталёвай планіроўкі. Раней па праекце прайшлі адкрытыя слуханні, якімі жыхары прыватных дамоў засталіся незадаволеныя. Бо адпаведна плану мусяць знесці 154 прыватныя сядзібы. Пасля слуханняў жыхары меліся даслаць свае скаргі і прапановы на электронны адрас адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Наступны этап – праца камісіі над праектам. Што сёння і адбывалася.

Фота: Belsat.eu

Але ахвочых даведацца пра лёс сваіх дамоў не пусцілі да чыноўнікаў. Калі ў залі сабраліся людзі, намеснік старшыні адміністрацыі Павал Тама, які ўзначальвае камісію, загадаў усім выйсці з залі і заклікаў працоўную групу перайсці ў іншы кабінет.

Фота: Belsat.eu

«Нам кажуць, што будуць прадстаўленыя кватэры ў такіх месцах як Сокал. А тыя, у каго ёсць прыватныя дамы, могуць адпраўляцца ў Смалявічы, набываць там участак, маўляў, яны аплоцяць. Але вы разумееце, што такое – жыць у цэнтральнай частцы Менску ў сваім прыватным доме, на зямлі, якая пераходзіла з пакалення ў пакаленне, і перасяліцца ў Смалявічы? Я не лічу што з нашымі правамі хоць неяк лічацца. Бо адзін чыноўнік, не вельмі высокага рангу, дазваляе сабе так адвольна трактаваць нормы заканадаўства і не пускае нас сачыць за працэсам. Паседжанне камісіі праходзіць без нас. Што там адбываецца – мы не ведаем», – абураецца жыхар вуліцы Пензенская Андрэй Іванюшын.

Фота: Belsat.eu

Віктар Ліннік, жыхар гэтай жа вуліцы, кажа, што ў раёне пражывае зараз 5500 чалавек. А пасля ўшчыльнення будзе пражываць 7700 чалавек. І дадае, што не хоча жыць у Смалявічах.

«Жыву ў сваім доме 10 гадоў, з’яўляюся яго ўласніцай. Зямля дадзена мне ў арэнду пажыццёва, да 99 гадоў. Мне яшчэ дакладна 99 гадоў не споўнілася! Цяпер жа – нас проста паставяць перад фактам аб сваім рашэнні. Практыка паказвае, што ўсе скаргі і прапановы ад грамадзянаў падрабязна не разглядаюцца. Мы б хацелі прысутнічаць, каб зразумець, што адбываецца ў нашым Кастрычніцкім раёне. Не даюць!» – кажа Эмілія Таранік, якая жыве на Рагачоўскім праездзе.

Фота: Belsat.eu

Актывіст Віктар Барташэвіч патлумачыў, што па заканадаўству назіраць за працай камісіі можа любы чалавек.

«117-ты артыкул Канстытуцыі дае права на сход. А 22-гі артыкул Кодэксу аб зямлі дае права прысутнічаць на сходах, дзе разглядаюцца змены функцыянальнага выкарыстання тэрыторыі. Я заклікаў Паўла Таму пачаць працу камісіі. Але ён проста нас выкінуў» – кажа актывіст. Разам з астатнімі прысутнымі жыхарамі раёну ён напісаў скаргі ў міліцыю, пракуратуру і ў Адміністрацыю прэзідэнта аб парушэннях правоў грамадзянаў.

Фота: Belsat.eu

«Чаму людзей не пускаеце?»

На дзеянні чыноўніка Паўла Тамы незадаволеныя грамадзяне выклікалі міліцыю. Супрацоўнік міліцыі доўга грукаўся ў дзверы, што выклікала ўсмешкі ў прысутных: «Вы ж міліцыя! Не бойцеся! Грукайцеся ў дзверы!».

– Што здарылася? Чаму не пускаеце людзей? – запытаў у Паўла Тамы міліцыянер.

– У сувязі з тым, што тут праводзіцца паседжанне камісіі, то бок працуюць людзі. Таму сюды былі запрошаны тыя, хто ўваходзіць у склад камісіі, яны ўдзельнічаюць зараз у працы. Староннія тут будуць замінаць, перашкаджаць працы, – кажа намеснік кіраўніка адміністрацыі раёну.

– А гэтыя людзі староннія?

– Так, яны не ўдзельнічаюць у сённяшняй працы.

Фота: Belsat.eu

Міліцыянер перапісаў асабістыя дадзеныя чыноўніка і ўдакладніў яшчэ раз:

– То бок вы ўсіх гэтых людзей не пусціце?

– Няма падставаў, тут працуюць людзі. Калі працуеце, да вас жа ніхто не прыходзіць, цераз плячо не зазірае. Гэтак і тут. Тут кабінет, тут праходзіць праца. Таму староннія будуць перашкаджаць сваймі паводзінамі.

– А калі яны пасядзяць і паслухаюць? Ці гэтак таксама нельга?

– Гэтак нельга. Сядзець і слухаць могуць, напрыклад, назіральнікі, калі выбары праходзяць. У судзе таксама прадугледжана, што могуць знаходзіцца людзі, сядзець і проста слухаць. Тут слухаць няма чаго, тут працуе камісія. Пратакол будзе вывешаны ў інтэрнэце ў адкрытым доступе, адказы на звароты грамадзянаў таксама будуць вывешаныя на сайце адміністрацыі ў адкрытым доступе. Таму ўсе пытанні будуць асветленыя ў СМІ – то бок на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёну.

Фота: Belsat.eu

Міліцыянер падзякаваў за адказы і папярэдзіў, што, магчыма чыноўніка сёння патурбуе інспектар.

Або прысутнасць міліцыянера паўплывала, або што іншае, але на паседжанне камісіі ўсё ж дапусцілі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы. І па выніках працы ўсё ж было вырашана: ПДП трэба перагледзіць. Калі дапрацуюць дакумент, невядома. Аднак паводле Паўла Тамы, гэта можа быць да года. Пацвярджаючы словы чыноўніка дакумент абяцаюць вывесіць на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёну цягам 15 дзён.

Таццяна Уласенка Belsat.eu

Стужка навінаў