Пераломы і расцяжэнні: 500 менчукоў сталі ахвярамі галалёдзіцы


За 9 дзён снежня 479 жыхароў сталіцы пацярпелі праз галалёдзіцу.

Пра гэта minsknews.by, паведаміў лекар-медатыст з цэнтру экстраннай медычнай дапамогі Мікалай Тукала.

Паводле лекара, з 3 па 7 снежня пацярпела 259 асобаў, сярод іх 18 дзяцей. Яшчэ 220 асобаў атрымалі траўмы ў гэтыя выходныя.

«У асноўным гэта ўдары мяккіх тканін, расцяжэнне звязак галёнкаступнёвага сустава, закрытыя пераломы костак, чэрапна-мазгавыя траўмы, раны. Найбольш частыя – пераломы шчыкалатак, костак галёнкі, перадплечча і рэбраў», – распавёў Тукала.

Як у Еўропе змагаюцца з галалёдзіцай?

У Нарвегіі ходнікі праграваюцца, бо пад імі пракладваюцца цеплакамунікацыіі. У Швейцарыі ды Аўстрыі ходнікі пасыпаюць сумессю пяску і дробнага шчэбня. У Нямеччыне выкарыстоўваюць магній, а ў Фінляндыі мармуровую або гранітную крошку. Буйныя транспартныя магістралі ў Швецыі часамі паліваюць гарачай вадою са шчэбенем. Пасля замярзання гэтай сумесі на дарозе ўтвараецца «наждачка», якая зніжае аварыйнасць на трасе.

Летась у Менску дарогі і ходнікі пасыпалі пясчана-салявой сумессю. На набыццё дарагой гранітнай крошкі ў «Горремавтодор» Менгарвыканкаму не хапае сродкаў.

Паводле эколагаў, супрацьснежныя сумесі і солі забруджваюць глебу, а таксама з’яўляюцца крыніцаю таксічных металаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў