Перакупы шукаюць ільготнікаў, каб прыгнаць аўто з паніжанымі мытамі


Не прайшло і дня з моманту падпісання кіраўніком краіны ўказу, які прадугледжвае выплату паловы ад сумы плацяжоў пры ўвозе ў краіну легкавога аўтамабіля інвалідам I і II групы, а таксама шматдзетным сем’ям, як ужо знайшліся асобы, што прапаноўваюць ільготнікам за ўзнагароджанне прыгнаць ім аўто, аформленае на сваё імя.

Яшчэ не ўсе грамадзяне з ільготнай катэгорыі пачулі пра новы дакумент, затое хутка зарыентаваліся беларускія прадпрымальнікі: яны пачалі прапаноўваць ільготнікам за матэрыяльную ўзнагароду прыгнаць ім машыну, піша TUT.BY.

«Нам учора двойчы патэлефанавалі і папрасілі набыць аўто ў Еўропе па ільготнаму размытненню. За паслугу прапанавалі 500 долараў. Мы адмовіліся ад прапановы: ня хочацца звязвацца з сумнеўнымі справамі, ды і можа мы самі вырашым скарыстацца прывілеем і абновім сямейнае аўто», – распавяла AUTO.TUT.BY Ганна, шматдзетная мама з Менску.

Але ёсць і нюансы ў законе, бо не варта забываць, што дарагія пакупкі адсочваюцца падатковымі органамі. Так што не выключана, што пасля ўгоды падатковая можа пацікавіцца: адкуль сродкі на набыццё дарагой машыны за мяжою і прадʼявіць падатак да выплаты.

Такія ўгоды паміж перакупамі не выключаныя, бо дакументам не прадугледжаны абмежаванні па карыстанні і распараджэнні транспартнымі сродкамі, пры ўвозе якіх мытныя плацяжы пакрываліся ў адпаведнасці з указам.

Выплата з бюджэту адбываецца адзін раз на год. Пры гэтым вядзецца не пра каляндарны год (з 1 студзеня па 31 снежня), а пра год, падлік якога пачынаецца з дня выезду транспартнага сродку ў свабоднае абарачэнне з вяртаннем. Гэта значыць, калі машына будзе ўвезеная 1 траўня 2019 года, то наступную машыну можна будзе завезці праз год, пачынаючы з 2 траўня 2020 года.

«Указ вельмі карысны для перакупаў. Перакананы, што машыны пад ільготу будуць гнаць дарагія, коштам ад 30 тысячаў долараў. Таму ўзнагарода за паслугу ў 500 долараў цалкам рэальная, таму што прыбытак будзе значны. Думаю, зараз яны вывучаюць, як угоду можна правесці па дакументах і пачнуць дзейнічаць. А ільготнікаў, якія пагодзяцца набыць машыну, знойдзецца вельмі шмат», – падзяліўся меркаваннем адзін з уладальнікаў менскага аўтахаўса.

У ДМК Беларусі паведамілі, што для таго, каб скарыстацца ільготай, неабходна прадставіць у мытню адпаведныя дакументы. Дакументы павінны быць сапраўдныя на момант дэкларавання аўтамабіля.

Указ № 140 прапануе два спосабы кампенсацыі:

  • пасведчанне інваліда або пасведчанне шматдзетнай сямʼі можна прадставіць непасрэдна пры ўвозе аўтамабіля. У такім выпадку плацяжы ў дачыненні да такога аўтамабіля фізасоба мае права выплаціць у памеры 50 % ад належных – гэта значыць палову.
  • калі дакументы (пасведчанні) не былі прадстаўлены падчас дэкларавання транспартнага сродку, то іх можна прадставіць у мытню на працягу аднаго году з дня такога ўезду ў Беларусь. У гэтым выпадку палова ад выплачаных плацяжоў будзе вернутая фізічнай асобе паводле яго заявы.

Варта адзначыць, што ільготы па мытных плацяжах раней былі ўведзеныя інвалідам I групы або шматдзетным бацькам пры ўвозе імі ў Беларусь тавараў для асабістых, бытавых, сямейных i іншых патрэбаў, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.

Але для таго, каб скарыстацца ільготай, грамадзянам даводзілася пабегаць і набрацца цярпення: пры ўвозе аўто, трэба было выплаціць усе мыты, падаткі, а потым звярнуцца ў мясцовы выканкам з просьбай аб кампенсацыі ўказаных плацяжоў. Пакет дакументаў, прадстаўленне ў выканкам, разглядаўся ў некалькіх інстанцыях і падпісваўся ў адміністрацыі кіраўніка краіны.

Інвалідам і шматдзетным будуць вяртаць палову мыта на ўвезенае аўта

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары