Пераходзім на грэчку, яблыкі і часнык. Якія прадукты патаннелі летась найбольш


За 2018 год, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, харчы ў краіне падаражэлі больш за спажывецкія тавары ды паслугі – на 5,7 % пры агульнай інфляцыі 5,6 %.

Некаторыя прадукты за мінулы год усё-такі патаннелі. Напрыклад, яблыкі, грэчка, часнык і бананы. Таму, калі вы хацелі пераходзіць на больш здаровае харчаванне альбо падумвалі адмовіцца ад мяса, то вось вам дадатковы стымул. Агулам садавіна патаннела на 11,5 %.

Адмаўляемся ад мяса з бульбай?

Горш за ўсё мясаедам. Мяса і мясапрадукты за мінулы год сталі даражэй на 11,6 %. У тым ліку паўфабрыкаты з мяса птушкі выраслі ў цане на 21,7 %, куры – на 21,5 %.

Як сказаў аднойчы Лукашэнка: «Ну, нашто есці мяса з бульбай? Ну з’еш ты яе з селядцамі там, з рыбай». Тым больш, што селядцы патаннелі на 8,4 %.

Больш за ўсё за 2018 год выраслі цэны на белакачанную свежую капусту, прасяныя крупы, буракі і моркву. Не пашкадавала інфляцыя нават бульбу, якая стала даражэй за год на 19,2 %. Гародніна агулам стала даражэй на 12,9 %.

Dolce vita ужо не тая

Безалкагольныя напоі сталі даражэй на 10,2 %, а алкагольныя – на 4,2 %. Але мы ні на што не намякаем. Тытунёвыя вырабы падаражэлі на 8,1 %, а кандытарскія – на 4,5 %. Пры жаданні, яшчэ можна сабе дазволіць dolce vita. Праўда, паабедаць у рэстарацыях ужо стала даражэй на 6,2 %.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў