Перадавікі судовай вытворчасці. Хто больш за ўсіх надаваў штрафаў за мірныя пікеты?


18-21 чэрвеня ў Беларусі прайшла хваля масавых затрыманняў. Паводле ПЦ «Вясна», у Менску было затрымана больш за 260 чалавек. 22 чэрвеня ва ўсіх сталічных судах адбыліся судовыя разбіральніцтвы над затрыманымі. Мы падлічылі, якія суды прынеслі найбольш грошай у бюджэт, а таксама знайшлі суддзю-рэкардсмена.

Дакладная лічба штрафаў пакуль невядомая, бо адсутнічае інфармацыя па выніках некаторых паседжанняў. Па дадзеных праваабаронцаў, агулам у Менску людзям прысудзілі штрафаў мінімум на 36 099 рублёў. Самую вялікую суму ў бюджэт паклаў суд Савецкага раёну – 7749 рублёў. У будынку гэтага сталічнага суда адбылося 8 паседжанняў.

Па дадзеных ПЦ «Вясна»

На дадзены момант вядома, што ў судовым марафоне ў панядзелак бралі ўдзел мінімум 26 суддзяў. Больш за ўсіх вылучыўся суддзя Цэнтральнага суда Іван Касцян. Толькі з трох разбіральніцтваў з-пад ягонага малатка ў бюджэт пайшло 3510 рублёў. Вынікі яшчэ аднаго паседжання, якое ён вёў, пакуль невядомыя. Нагадаем, суддзя Касцян неаднаразова судзіў нашых журналістаў па артыкуле 22.9 КаАП «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

Па дадзеных ПЦ «Вясна»

Большасць суддзяў, якія ў панядзелак вялі паседжанні, раней былі заўважаныя ў прыняцці палітычна матываваных рашэнняў.

Згодна з інфармацыяй ПЦ «Вясна» затрыманні прайшлі яшчэ ў 18 гарадах краіны. Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацк (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10), Навагрудак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Брэст (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладзечна (3), Салігорск (2), Гродна (2), Орша (2), Светлагорск (1), Ліда (1), Слуцк (мінімум 1).

У адрозненні ад Менску, у выніку некаторых судовых паседжанняў людзям прысудзілі арышты. Суды ў рэгіёнах працягваюцца.

Стужка навінаў