«Перад кожнаю гульнёю некалькі тэстаў на каронавірус». Як праходзіць чэмпіянат па футболе


Гульня ФК «Тарпеда-БелАЗ» Жодзіна – ФК «Белшына Бабруйск» на стадыёне Тарпеда, Жодзіна, 27 сакавіка 2020 г. Медычныя работнікі правяраюць людзей з тэрмометрам перад стадыёнам перад матчам.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Форум

Кожны новы матч чэмпіянату Беларусі па футболе абвастрае пытанне: ці слушна нашая федэрацыя зрабіла, калі не павялася за цывілізаваным светам і не адклала свайго нацыянальнага футбольнага чэмпіянату на больш бяспечны час на фоне імклівага пашырэння новай віруснай інфекцыі па ўсёй планеце? Бо ледзь не пасля кожнага матчу ўсё часцей удзельнікі турніру не перакананыя, што робяць добрую справу.

Праўда, адкрыта гэтую тэму ўздымаюць пакуль толькі замежныя грамадзяне. Бо, напэўна, і мацней за нашых суайчыннікаў разумеюць, што на полі прымаюць асноўны ўдар на сябе. І шчыра гавораць выключна для замежных сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, у інтэрвʼю іспанскаму парталу marca.com абаронца клубу – дэбютанта найвышэйшай лігі, берасцейскага «Руху», 23-гадовы бразілец Жуан Ўільям Аўвіс дэ Жэзуш (João William Alves de Jesus) заявіў, што, не зважаючы на запэўніванні ўладаў Беларусі, быццам усё пад кантролем, не адчувае сябе абароненым:

«Я баюся. Калі кожная гульня канчаецца, я адчуваю, што заразіўся. Магчыма, гэта і фобія, але яны павінныя прыпыніць лігу».

Хаця былы футбаліст нацыянальнай зборнай Албаніі, леташні гулец салігорскага «Шахцёра», а цяпер навабранец чэмпіёна краіны «Дынама» (Берасце), 32-ухгадовы паўабаронца Эліс Бакай заклікае ставіцца да сітуацыі з разуменнем і разважлівасцю:

«Мы ведаем, што цяпер гуляць нялёгка, але мы мусім быць прафесіяналамі, нават ведаючы, што можам апынуцца ў небяспецы. Перад кожнаю гульнёю нам трэба прайсці некалькі тэстаў на каронавірус, і яны вымяраюць нашую тэмпературу кожны дзень».

Заўзятары на матчы ФК «Тарпеда-БелАЗ» Жодзіна – ФК «Белшына Бабруйск» на стадыёне Тарпеда, Жодзіна, 27 сакавіка 2020 г.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Форум

Расейскі футбольны трэнер Алег Раманцаў у інтэрвʼю «Матч ТВ», падтрымліваючы прыпыненне актыўнасці сусветнага спорту словамі, што даражэй за чалавечае жыццё няма нічога, у той сама час гаворыць, што дзівіцца суседзям-беларусам. І на трапнае пытанне, што жыццё ў Беларусі, відаць, каштуе менш, чым у сярэднім па планеце, адказвае неадназначна:

«Яны, відаць, вельмі ўпэўненыя ў сваіх сілах і магчымасцях у барацьбе з заразаю. Я іх усхваляю».

Hавiны
Беларускі футбол набывае шалёную папулярнасць праз каронавірус
2020.03.22 11:45

Зусім іншае меркаванне ў ганаровага старшыні Расейскага футбольнага звязу Вячаслава Каласкова, які думае, што беларускі футбол – не найлепшая рэклама найпапулярнейшаму на планеце віду спорту, і абурыўся ў інтэрвʼю russian.rt.com:

«Паспрабаваў паглядзець два матчы. Гэта нейкая парнаграфія, лухта. Ні гледачоў, ні майстэрства, нічога няма. А мы на цэнтральным тэлебачанні паказваем гэтае абы-што. Раней на ТБ была рубрыка – «Героі спорту». Дык пакажыце гэтых герояў! Нашто мне глядзець БАТЭ ці нейкі «моз-воз»?»

Гульцы разаграваюцца перад матчам, нягледзячы на тое, што большасць футбольных турніраў адмененыя ва ўсім свеце.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Пазіцыю 78-гадовага Каласкова, які гуляў у свой час і ў футбол, і ў хакей, але максімум на ўзроўні першынства Масквы, затое дасягнуў бліскучай карʼеры функцыянера, а затым стаўся прафесарам, кандыдатам педагагічных навук, падтрымаў Сяргей Балахнін, які ў сезоне 2015-16 асіставаў галоўнаму трэнеру зборнай Расеі – Леаніду Слуцкаму. Ён раскрытыкаваў уласна пастанову праводзіць гульні чэмпіянату Беларусі ў гэты час:

«Ці гляджу я чэмпіянат Беларусі? Калі праўда – не. Ён мне не цікавы пры ўсёй павазе да беларусаў. Гэта вялізная дурасць! Яны лічаць, што ўсе вакол дурні, а яны самыя разумныя? На мой погляд, гэта гісторыя з серыі «пакуль пярун не грымне…»

А тым часам пашыраецца спіс замежных тэлеканалаў, якія выказалі жаданне паказваць беларускі футбол у сваіх краінах. Пасля расейскага «Матч ТВ» ды ўкраінскага «Sport 1» нашую найвышэйшую лігу сваёй краіне запрапанаваў казахскі канал «Qazsport» пасля таго, як у гэтую кампанію ўключыліся не толькі выключна еўрапейскія Сербія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Славенія, Паўночная Македонія ды яшчэ Ізраіль, а нават і Індыя.

ФК «Тарпеда-БелАЗ» Жодзіна супраць ФК «Белшына Бабруйск».
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Анамальнасць самога балю ў часе каронавірусу неяк перадалася і на вынікі турніру. Яны быццам з залюстэркавай краіны. Упершыню БАТЭ і менскае «Дынама» распачалі з дзвюх паразаў са старту чэмпіянату. Ды не ад стабільных клубаў зазналі няўдачы экс-чэмпіёны краіны, а ад тых, хто яшчэ летась ледзь утрымаўся ў найвышэйшай лізе або стаўся яе дэбютантам. Дый антураж на матчах не для тэлекарцінкі на замежныя краіны.

Гледачы не надта рвуцца на трыбуны, нават пры тым, што засумавалі па футболе за час міжсезоння. Напярэдадні на перадапошняй гульні 2-га туру паміж «Іслаччу» ды «Смалявічамі» – паводле афіцыйнай статыстыкі – прысутнічалі ўсяго 710 гледачоў. Хаця ўваход на нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» стаў вольны, і я асабіста налічыў сотні паўтары заўзятараў. Як бы там ні было, але гэты паказнік антырэкордны для галоўнай арэны краіны пасля яе рэканструкцыі, што скончылася два гады таму. Увогуле па выніках 2018-га зафіксавалі найніжэйшую колькасць заўзятараў у сярэднім на матчы за шэсць гадоў – 1792 асобы. Летась на трыбунах быў значны дадатак – больш як у паўтара разу (2759). Супадзенне ці не, але сёлета першы тур стаўся найбяднейшым на заўзятара ці не за ўвесь час існавання чэмпіянату ў Беларусі ў найвышэйшай лізе: усяго 1309 гледачоў. Традыцыйна ў другім туры колькасць памяншаецца. Гэта толькі летась яна была большаю на некалькі сотняў. У гэтым чэмпіянаце стала зусім цяжка. Сярэдняя наведвальнасць кожнага з васьмі матчаў другога туру – усяго 1120 гледачоў. То бок менавіта цяперашні, 30-ты чэмпіянат, калі працягнецца ў звычайным рэжыме, рызыкуе зрабіцца самым маланаведвальным за ўсю гісторыю правядзення нацыянальнага першынства.

Hавiны
Задача вярнуцца на Алімпійскія Гульні. Нацыянальная зборная па хакеі працягвае трэнаванні
2020.03.23 23:29

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў