Пенсіянерка спрабавала вывезці баявыя сякеры XI ст. «Гэта эпідэмія раскрадання скарбаў»


Польскія мытнікі сканфіскавалі ў грамадзянкі Беларусі пяць баявых сякераў ХІ-ХІІ стагоддзя. Гісторыкі канстатуюць, што ў Беларусі не першы год лютуе «эпідэмія раскрадання» каштоўнасцяў проста са старажытных пахаванняў.

З экспертызы, якую зладзілі адмыслоўцы з польскага Нацыянальнага інстытуту спадчыны (Narodowу Instytut Dziedzictwa) вынікае, што канфіскаваныя сякеры імаверна былі здабытыя з пахаванняў сярэднявечных ваяроў. Гэта баявыя сякеры ХІ-ХІІ, характэрныя для тэрыторыяў Усходняй Еўропы.

«Такія пахаванні цяпер актыўна разбураюць “чорныя капальнікі”. Асабліва гэта характэрна для Усходняй Беларусі, дзе захавалася шмат курганных пахаванняў. Цяпер мы назіраем сапраўдную эпідэмію раскрадання скарбаў. З гэтым спрабуюць неяк змагацца, напрыклад, абмяжоўваючы продаж металашукальнікаў, але праблема застаецца», – гаворыць гісторык Алесь Краўцэвіч.

Сякеры ХІ-ХІІ ст.

Паводле Краўцэвіча, канфіскаваныя польскімі мытнікамі сякеры на «чорным рынку» могуць каштаваць па некалькі соцень долараў кожная. Але для Беларусі кошт такіх знаходак, як спадчыны, невымяральны. «Важныя не толькі ўласна сякеры, як абʼекты, важна таксама як і дзе яны былі знойдзеныя. Гэткія знаходкі трэба ацэньваць у комплексе. Сярэднявечныя пахаванні раскопваюць і актыўна вывозяць за мяжу. Найчасцей у Літву, дзе хапае сваіх “перакупшчыкаў”. У Расею, думаю, менш. Там хапае сваіх «чорных капальнікаў», – дадаў гісторык.

62-гадовая беларуска, у якой памежнікі знайшлі скарб, тлумачыць, што сякеры знайшоў ейны сваяк, а яна спрабавала вывезці іх у Польшчу нібыта дзеля таго, каб перарабіць іх на кухонныя нажы. За спробу незаконнага правозу каштоўнасцяў ёй пагражае штраф.

Гэта не першы падобны выпадак кантрабанды: у сярэдзіне снежня у 2016 годзе на тым жа памежным пераходзе ў Баброўніках удалося перадухіліць вываз трох унікальных шабляў ранняга сярэднявечча і шалом. Беларусь і Польшча падпісалі пагадненні па перадухіленню кантрабанды гістарычных каштоўнасцяў. Імаверна, што знойдзеныя ў жанчын сякеры вернуць у Беларусь.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў