Пенсійная рэформа ў Літве: ці магчыма такое зрабіць у Беларусі?


У суседняй з Беларуссю краіне ў межах пенсійнай рэформы ўсе працоўныя жыхары, маладзейшыя за 40 гадоў, з 1 студзеня сталіся ўдзельнікамі прыватнага пенсійнага назапашвання. Цяпер у іх ёсць паўгода на тое, каб вызначыцца, будуць яны браць удзел у дадатковым назапашванні ці не.

З гэтага года на 0,55 % паніжаныя ўнёскі работнікаў у «Содру» (аналаг беларускага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і на 1 % – падаходны падатак. Дзякуючы гэтаму, заробкі ў сярэднім павялічацца на некалькі дзясяткаў еўра. Напрыклад, калі літовец атрымлівае «на рукі» 1000 еўра, ягоны заробак вырасце на 52 еўра, паведамляе DELFI.

Аднак гэтая частка заробку пойдзе не ў кішэні грамадзян, а на дадатковае пенсійнае назапашванне, у сістэму якога і ўключылі ўсіх працоўных літоўцаў, маладзейшых за 40 гадоў. Удзельнічаюць у фондах і тыя, хто да гэтага часу адкладаў на пенсію дадаткова, незалежна ад іх узросту. Дадатковае пенсійнае назапашванне не варта блытаць з пенсіяй па старасці, якую атрымліваюць усе без выключэння жыхары Літвы, якія маюць неабходны стаж. У лістападзе 2018 года яна ў сярэднім складала 320 еўра. Дзякуючы дадатковаму назапашванню, яе можна будзе павялічыць.

Ці можна адмовіцца ад сістэмы?

Так, кожны працоўны жыхар Літвы, якому менш за 40 гадоў, можа адмовіцца ад удзелу ў назапашванні да 30 чэрвеня. Тых, хто не паведаміць да гэтага часу аб адмове, уключаць у сістэму, і выйсці з яе ўжо не змогуць. Тыя ж, хто адмовіцца, кожныя тры гады зноў будуць уключацца ў яе. Але ўключаць у сістэму ў гэтым выпадку будуць не больш за тры разы.

ВІДЭА
У Беларусі павысяць пенсіі
2018.10.24 13:36

Як павялічацца пенсіі?

Пенсія ў Літве ад мінулага году складацца з дзвюх частак – агульнай і індывідуальнай. Агульная частка залежыць ад стажу. Напрыклад, калі стаж складае 35 год, то пенсія складае 174 еўра. І, чым болей стаж, тым больш асноўная частка пенсіі. Індывідуальная частка залежыць ад унёскаў у «Содру».

На сайце «Содру» ёсць калькулятар, які прагназуе вашую пенсію. Напрыклад, вы мужчына, вам 39 год, на пенсію вы пойдзеце ў 2045-м годзе, раней ніколі не ўдзельнічалі ў пенсійных фондах і кожны месяц атрымліваеце 1000 еўра заробку (да падаткаў). Калі вы адразу будзеце адлічваць у фонд па 3 % штомесяц, то вашая пенсія складзе 701 еўра. Калі вы спачатку будзеце адлічваць 1,8 %, а пасля 2022 году па 3 % штомесяц, вашая пенсія складзе 687 еўра. Калі ж вы адмовіцеся рабіць дадатковыя ўнёскі, то вашая пенсія складзе 469 еўра.

Аб’ектыў
Праз запазычанасці перад ФСАН беларусам не будзе з чаго плаціць пенсіі
2018.10.09 21:38

«Рэформа? Якая рэформа?»

Выказаць сваё стаўленне да рэформы карэспандэнт Belsat.eu папрасіў грамадзянаў Літвы. Але мала хто ўвогуле ведаў, у чым палягаюць змены. «Рэформа? Якая рэформа?» – звычайна чулі мы ад літоўцаў. Адказаць на нашыя пытанні пагадзіўся Кястуціс Рымкявічус. Па праўдзе кажучы, і яму давялося спачатку вывучыць пытанне. Паводле яго, пенсійная рэформа ў Літве мае на мэце надаць большую стабільнасць дзяржаўнаму фонду сацыяльнага страхавання («Содры») і таксама натхніць людзей больш думаць пра сваю будучыню.

– Рэформа дастаткова добрая. Ніякая сістэма дзяржаўнага рэгулявання не вызваляе асобу ад адказнасці думаць пра сваю будучыню і фінансы, якія яму ці ёй трэба для пражыцця. Добрая інвестыцыя ці проста прыватныя ашчаджэнні – толькі так людзі могуць зрабіць свой выхад на пенсію больш бяспечным. У любым разе, найлепшая рэформа і імпульс для росту будучых пенсій – гэта рабіць вашу краіну багацейшай, больш бяспечнай і больш стабільнай. Вось чаму, на маю думку, дэмакратыя, нацыянальная абароны і моцная эканоміка з’яўляюцца істотнымі фактарамі, якія вядуць да сацыяльнай бяспекі ўсіх чальцоў грамадства, – падкрэсліў Кястуціс Рымкявічус.

Аб’ектыў
Пенсіі падвышаюць, а яны ўсё роўна падаюць
2018.10.06 22:02

Ці магчыма правесці такую рэформу ў Беларусі?

Пра неабходнасць увядзення назапашвальных схемаў у Беларусі ў размове з Belsat.eu заявіла і акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

– Рабіць гэта, канечне, было б лепш за ўсё так, як гэта зроблена ў Літве. То бок, частку грошаў, якія раней плаціліся ў ФСАН, перанакіраваць у добраахвотнае пенсійнае страхаванне, хоць чалавек можа выявіць ініцыятыву і адмовіцца, – заявіла суразмоўца.

Але праблема ўвядзення такой сістэмы ў Беларусі палягае ў тым, што беларусы стануць плаціць менш сродкаў у ФСАН. І хоць апошні год фонд быў прафіцытны, гэты прафіцыт, на думку эксперткі, неўзабаве знікне.

– Таму мы зараз не можам сабе дазволіць забраць адтуль частку грошаў. Гэта можна было зрабіць у 2000-х, калі ФСАН увесь час паказваў прафіцыт, але мы гэты момант упусцілі. Зараз гэта зрабіць дастаткова цяжка, – падкрэсліла Кацярына Барнукова.

На яе думку, калі зараз ФСАН не будзе атрымліваць частку сродкаў, то не будзе чым плаціць пенсіі сённяшнім пенсіянерам. Разам з тым, ёсць варыянт, які б дазволіў вырашыць гэту праблему: запусціць прыватызацыю, а даходы ад яе накіраваць на пакрыццё дэфіцыту ФСАН. І тады можна было б паступова запускаць назапашваючы элемент сістэмы, упэўненая экспертка.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў