Пенсіі, цыгарэты і прызыў. Што зменіцца ў Беларусі ў жніўні


Беларусаў 1 жніўня чакае шэраг новаўвядзенняў, як прыемных, гэтак і не вельмі. Мы сабралі для вас найбольш значныя з іх.

Растуць бюджэты

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павышае бюджэт пражыткавага мінімуму. Са жніўня ён у сярэднім на аднаго чалавека складзе Br 290,91, што на Br 6,89 больш за папярэдні паказнік.

Hавiны
З 1 жніўня павышаецца памер бюджэту пражыткавага мінімуму
2019.07.24 08:45

Яго памер для працаздольнага насельніцтва складзе Br 257,05, для пенсіянераў – Br 176,75, для студэнтаў – Br 223,93, дзяцей да трох гадоў – Br 147,18, ад трох да шасці – Br 203,38, ад шасці да 18-ці – Br 250,19.

Таксама зменяцца памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў. Гэтак, памер для працаздольнага насельніцтва складае Br 473,67, што на Br 6,43 рубля (на 1,3 %) больш за ранейшы.

Растуць дапамогі на дзяцей

Дзякуючы росту БПМ павялічыліся пенсіі ды дапамогі, увязаныя з гэтым паказнікам. Цяпер пры нараджэнні першага дзіцяці будзе выплачвацца Br 2309,1 (раней – Br 2240,2), а другога і наступных – Br 3232,74 рубля (было Br 3136,28).

Hавiны
Са жніўня павялічыцца памер дзіцячай дапамогі
2019.07.25 11:27

З Br 224,02 да Br 230,91 вырасла аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці.

Штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да трох гадоў складзе: на першае дзіця – Br 376,11, (было Br 362,46); на другое і наступных – Br 429,84 (было Br 414,24); на дзіця-інваліда да трох гадоў – Br 483,57 (было Br 466,02).

Пенсія таксама стане большай

На падставе рашэння Аляксандра Лукашэнкі ў сярэднім на 6,6 % вырастуць пенсіі. Чакаецца, што сярэдняя працоўная пенсія складзе Br 438, а сярэдні памер выплатаў па ўзросце – Br 446,1.

Аб’ектыў
Зноў павысяць пенсіі перад выбарамі
2019.07.23 21:57

Таксама вырастуць мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, якія залежаць ад памеру БПМ. Акрамя таго, павялічацца надбаўкі, павышэнні да пенсіяў і даплаты беларусам у веку 75-ці гадоў і старэй, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама дапамогі для дагляду інваліда I групы або за асобай, старэйшай за 80 гадоў.

З працадаўцаў забяруць больш

Разам з тым з 1 жніўня зменіцца і абавязковы памер утрымання з наймальнікаў сродкаў для своечасовай выплаты заробкаў. Гэтая сума складае 1,5 памеру БПМ для працаздольных грамадзянаў.

Наймальнікі цяпер павінны браніраваць на аднаго працаўніка Br 385,58. Яны таксама будуць больш адлічваць сродкаў на пагашэнне запазычанасці па заробку.

Прызыў на новы капыл

1 жніўня яшчэ паводле старых правілаў у Беларусі стартуе вайсковы прызыў. Але з 9 жніўня ўступае ў моц закон пра новыя правілы адтэрмінавання.

Hавiны
Да 3000 беларускіх студэнтаў восенню могуць забраць у войска
2019.07.25 20:40

Згодна з імі, атрымаць адтэрмінаванне для атрымання адукацыі прызыўнікі змогуць толькі адзін раз. Напрыклад, тыя, хто паступіў сёлета пасля ССНУ ў ВНУ ці ў магістратуры адтэрмінаванне атрымаць не змогуць.

У тых, хто атрымаў адпаведныя адтэрмінаванні раней, яны захаваюцца.

Новыя стандарты

З 1 жніўня ўводзяцца новыя стандарты безбар’ернага асяроддзя. Яны ўтрымліваюць патрабаванні да канструкцыі і ўстаноўцы падʼёмных механізмаў і тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, што забяспечваюць бяспечнае перамяшчэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У прыватнасці, для невідушчых прадугледжаныя тактыльныя паказальнікі ў памяшканнях і на адкрытых пляцоўках (каля пешаходных пераходаў, чыгуначных платформаў, усходаў, пандусаў, эскалатараў, ліфтаў).

Таксама запланаванае павышэнне даступнасці ліфтаў для ўсіх пасажыраў, уключаючы пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі.

Усталяваныя і метады выпрабаванняў і патрабаванні да артапедычных прыстасаванняў для хады, крэслаў-калысак, пратэзаў, хадункоў, кійкоў.

Карыстацца карткамі стане даражэй

«Беларусбанк» з 1 жніўня павышае памер узнагароджанняў за аперацыі з выкарыстаннем картак грамадзянамі. За зняцце грошай у банкаматах іншых банкаў давядзецца заплаціць 2,5 % ад сумы без уліку ўзнагароджання іншых банкаў.

Безнаяўны плацёж па рэквізітах трымальніка карткі ў каналах дыстанцыйнага абслугоўвання банку будзе каштаваць 75 капеек.

Прагляд балансу па картцы ў прыладах іншых банкаў-рэзідэнтаў абыдзецца ў 1 рубель, у прыладах банкаў-нерэзідэнтаў – у 1,5 рубля.

Цыгарэты растуць у кошце

Традыцыйна з новым месяцам растуць і кошты на некаторыя цыгарэты. Найбольш вырастуць у цане «Camel Compact» «Аctivate Purple», «Parlament Night Blue», «Parlament Aquq Blue», а таксама «Rothmans Demi Mix» – на 10 капеек.

Hавiны
У Беларусі з 1 жніўня даражэюць цыгарэты
2019.07.26 09:59

Таксама на 5 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэтаў «Pall Mall», «Rothmans», «Kent», «L&M», «Marlboro» і «Camel». На 1 капейку стануць даражэй цыгарэты «Карона Стыль».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў