Пекін распрацоўвае планы па будаўніцтве аэрапорту ў Антарктыдзе


Кітай ужо ў бліжэйшай будучыні плануе стварэнне аэрапорту на Паўднёвым полюсе. Мяркуецца, што аэрапорт будзе прымаць рэгулярныя рэйсы з турыстамі і даследчымі экспедыцыямі.

Існаванне аэрапорту ў Антарктыдзе для Кітаю з’яўляецца ўсё больш надзённай патрэбай, паведамляе навуковае выданне Keji Ribao.

Паводле выдання аэрапорт будзе пабудаваны проста на ледніку.

«Летась на працягу году праводзіліся даследаванні для выбару месцазнаходжання будучага сталага абʼекту, дзе маса лёду ссоўваецца нязначна і раўнамерна», – піша навуковы часопіс.

Для рэалізацыі такой задачы неабходна між іншага і ўзгадненне палётаў з шэрагам дзяржаў. Гэта значыць, што кожны год КНР будзе вымушана падпісваць пагадненні аб атрыманні дапамогі з шматлікімі краінамі свету.

Пекін актыўна займаецца палярнымі даследаваннямі. Антарктыду кітайскія навукоўцы вывучаюць з 1984 года. На Паўднёвым полюсе ў КНР стварыла чатыры станцыі – «Чанчэн», «Чжуншань», «Куньлунь» і «Тайшань». Апошняя была адчынена ў 2014 годзе. Акрамя таго плануецца стварэнне і пятай навукова-даследчай базы. Улады паднябеснай праяўляюць павышаную цікавасць і да Арктыкі, пра што сведчыць рост намаганняў па яе вывучэнні.

СК, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў