Педагогу - 300, тынкоўшчыку - 600. Што прапаноўваюць на кірмашах вакансіяў?


Цягам трох дзён у Менску адбыліся тры кірмашы вакансіяў, што ладзіць служба занятасці Менгарвыканкама. Мы наведалі два такіх кірмашы ў Першамайскім і Заводскім раёнах і спраўдзілі, што прапаноўваюць беспрацоўным.

Першамайскі раён

Сяргей, каля пяцідзесяці. Яшчэ два месяцы таму ён працаваў ахоўнікам на дзяржпрадпрыемстве. Такая ягоная спецыяльнасць на працягу апошніх 15 гадоў. Паказвае картку-пропуск з папярэдняга месца працы. Распавядае, што ў адначассе разышоўся з сям’ёй, пахаваў маці, бацьку і брата. І згубіў працу. Па яго словах, скончыўся кантракт, і не працягнулі праз тое, што кіраўніцтву патрэбна было наняць «сваіх». Але пах алкаголю, апухлы чырвоны твар кажуць, што, магчыма, прычыны звальнення былі іншыя. Ці гэта ўжо наступствы? Але не будзем судзіць. Слухаем і глядзім.

У Першамайскім раёне паводле паведамлення Менгарвыканкаму павінна было быць два прадпрыемствы – Менскае аддзяленне Беларускай чыгункі і ААТ «Інжынірынгавая кампанія МСЛ-сервіс». На справе – адно. Спраўджваем у адміністратара цэнтру занятасці.

– Добры дзень, а дзе МСЛ-сервіс?

– А вы што, іх прадстаўнік?

– Не…

– Няма іх, можа, яшчэ з’явяцца.

Не з’явіліся.

Сяргей таксама расчараваны.

«Я таксама разлічваў, што яны будуць. Такое адчуванне, што ўсім пляваць на цябе. Я хаджу, тэлефаную, пакідаю кантакты. Яны кажуць, што ператэлефануюць. Чакаеш… І ніхто не тэлефануе. Як жыць, чорная паласа пайшла».

Да прадстаўнікоў чыгункі не падыходзіць амаль ніхто. Хоць у цэнтры занятасці народу шмат. Увесь час 10-15 чалавек у памяшканні, хтосьці ў чарзе да кабінетаў, хтосьці шукае прапановы ў камп’ютары. Адзін з мужчынаў наважыўся паспрабаваць чыгунку.

– Чаму так часта мяняеце месца працы? Працаваць не хочаце?

– Працы няма.

– Прабачце, у нас няма для вас прапановаў.

Эмілія, жанчына сярэдніх гадоў, са шрамам на твары, у шырокім шаліку ў кветкі, паліць на ганку цэнтру занятасці.

– Добры дзень, вы шукаеце працу?

– А ў вас ёсць што мне прапанаваць?

– Не, я журналістка, мы пішам пра тое, як людзі цяпер у Менску шукаюць працу.

– А, журналістка. Такая прэса цяпер. Усё роўна не напішаце праўды. Пачысціце, прыгладзіце.

– Не, не пачысцім. Напішам тое, што вы скажаце. Белсат.

– Тады я распавяду вам «чарнуху», можна?

Эмілія адбыла пакаранне ў турме. Падчас тэрміну за ёй склалася запазычанасць за сацыяльную апёку над дзіцём. Цяпер Эмілія фінансава абавязаная перад дзяржавай за ўтрыманне дзіцяці, а таксама мае вялікую запазычанасць за камунальныя паслугі. Яе не возьмуць на працу, дзе ёсць хоць найменшая фінансавая адказнасць. А па спецыяльнасці яна бухгалтар.

«Я цяпер не магу нават касірам быць у краме, разумееце?»

Прымусова, бо яна вінная дзяржаве грошы, яе ўладкоўваюць на фізічныя, нізкакваліфікаваныя работы. Жанчына гаворыць, што мае праблемы са здароўем і таму працаваць на будаўніцтве яна не можа. Замкненае кола. Belsat.eu яшчэ напіша пра гэтую гісторыю.

Заводскі раён

11 студзеня кірмаш вакансіяў адбыўся і ў Заводскім раёне. Тут руху больш, і прапановаў больш. Прадстаўнікі «Менскрэмбуду», «Сацыяльна-педадагагічны цэнтру з прытулкам Заводскага раёну», а таксама «Менсктрансу» размясціліся за столікамі, размаўляюць з людзьмі. Заробак педагогу прапануюць 330 беларускіх рублёў, тынкоўшчыку– 600.

Уладзімір, выпускнік БДУ, выкладчык расейскай мовы, шукае сабе месца педагога на паўстаўкі. Яму паведамілі, што патрэбныя выхавальнікі.

«Агулам я не ведаю, ці хачу працаваць выкладчыкам», – кажа ён. Пры бліжэйшым знаёмстве Уладзімір распавядае, што пасля атрымання дыплому працаваў на пошце некалькі месяцаў. А потым… стаў сведкам Іегавы. Проста на парозе цэнтру занятасці Заводскага раёну Уладзімір распавёў Belsat.eu, што трэба рабіць, каб атрымаць вечнае жыццё.

Тым часам да «Менскрэмбуду» падышоў мужчына перадпенсійнага ўзросту і пачаў распавядаць пра тое, што яго адусюль звальняюць і ён не можа затрымацца ні на адным месцы працы на доўгі час.

«Вы проста самі не ведаеце, чаго вы хочаце. Гэта я як псіхолаг вам кажу», – пачуў мужчына ў адказ і не стаў спрачацца.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі бесперапынна зніжаецца. На пачатак студзеня іх налічвалася 22 863 асобы. Але гэтую лічбу цяжка назваць рэальнай, бо не ўсе, хто не мае працы, становяцца на ўлік у службе занятасці.

 

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў