Пчолы супраць мёду, а Лукашэнка супраць тэлебачання?

Піша Аляксандр Федута.

9 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўручыў чарговыя прэміі за духоўнае адраджэнне. Кіраўнік дзяржавы жорстка раскрытыкаваў пры гэтым здраду традыцыйным духоўным каштоўнасцям пад разбэшчваючым уплывам інфармацыйных патокаў. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА асабліва адзначыла: «Паводле яго словаў, тэлебачанне дзеля рэйтынгаў прывучае гледача ды негатыўных навінаў, скандальных ток-шоу».

Паколькі тэлебачанне ў нашай краіне кантралюецца дзяржавай, я згадаў і пра яшчэ адзін факт: Аляксандр Рыгоравіч заўсёды жорстка крытыкуе і п’янства, якое, на жаль, ахапіла значную частку насельніцтва Беларусі.

Аднак менавіта падкантрольныя дзяржаве прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу вырабляюць асноўную частку таннага «шмурдзяка», які спажываецца гэтай самай «часткай насельніцтва». А ў дні галасавання нават у школах (!!!) на выбарчых участках будзе прадавацца спіртное на разліў, ды яшчэ і, кажуць, без буфетнай надбаўкі.

Да чаго гэта я? Да таго, што выступаць супраць разбэшчваючага ўплыву тэлебачання, а таксама супраць пʼянства, на жаль, Лукашэнка не ўпершыню – як пчолам не ўпершыню было б выступаць супраць мёду. І тэлебачанне, і пʼянства, на жаль, працуюць на ўмацаванне дзейнай улады з аднолькава разбэшчваючай сілай. Гэта ж не газета – яе, у горшым выпадку, проста як падсцілку пад воблу альбо бутэрброд выкарыстоўваюць.

Альбо праграму тэлеперадач прачытаюць, каб даведацца, па якім канале падчас чарговага ток-шоу будуць гарлапаніць дзяржаўныя прапагандысты і «эксперты», якія далучыліся да іх, даруй Божа, каб паказаць прыклад выбарцам, як менавіта варта паводзіць сябе ў прыстойным грамадстве.

У гэтай сітуацыі трэба альбо крыжык зняць, альбо штаны надзець, але ва ўлады гэта не занадта атрымліваецца. Але калі пчала раптам пачынае выступаць супраць мёду, пачынаюць мучыць смутныя сумневы: «Раптам гэта самае Жжжжжжжж – нездарма?» Раптам зараз зноў пачнецца якая-небудзь тэлевізійная кампанія?

Ён жа – Аляксандр Рыгоравіч – там і супраць сацыяльных сетак выказаўся. Дык можа, пра тэлебачанне – за кампанію, а спадар Давыдзька як спаў, так і будзе спаць спакойна. А сутнасць выказвання – як раз з нагоды сацыяльных сетак і інтэрнэту? Там жа не ўлада дурыць народ, а ён неяк сам па сабе кучкуецца. І на гэта б выпадала звярнуць увагу.

Увогуле, калі Еўтушэнка супраць калгасаў, то Бродскі за. Я – не Бродскі, але тады лепш падтрымаць тэлебачанне. Дзе тут самае скандальнае тэлешоў? Гігін? Будзем глядзець Гігіна…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў