Пазняк заклікае ігнараваць парад 3 ліпеня і абвінавачвае Статкевіча ў правакацыі. Статкевіч: «Пратэсты па-ранейшаму актуальныя»


“Не хадзіце на рэжымныя парады і правакацыйныя дэманстрацыі!”, – з такім заклікам звярнуўся да грамадзян Беларусі старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк праз свой сайт pazniak.info.

Палітык лічыць 3 ліпеня не святам, а “днём, калі нямецкая акупацыя Менска змянілася на савецкую”.

“Ніякага дачынення да незалежнасці Беларусі гэтая дата не мае”, – сцвярджае Пазняк.

Акрамя таго, ад Пазняка зноў гучаць абвінавачванні ў бок лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча.

“Статкевіч заклікае менчукоў на пратэстную дэманстрацыю быццам бы супраць рэжыму Лукашэнкі. На самой справе гэта ператворыцца ў правакацыю з мэтай выявіць несаспелыя яшчэ пратэстныя сілы і разграміць іх. Не верце безадказным асобам”, – кажа Пазняк.

Нагадаем, на 3 ліпеня ўлады традыцыйна прызначылі парад з нагоды Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Па цэнтры сталіцы пройдуць калоны вайсковай тэхнікі, асабісты склад элітных вайсковых падраздзяленняў, адбудуцца шматлікія імпрэзы.

Экс-кандыдат у прэзідэнты, палітык Мікола Статкевіч, у гэты ж дзень заклікае людзей прыйсці на Кастрычніцкую плошчу а 14-й гадзіне, каб выказаць пратэст супраць дзеючай улады.

«Пазняку, мабыць, няма чым заняцца… Ён не жыве тут больш за 20 гадоў, не мае ўяўлення пра стан краіны. Акцыя па-ранейшаму застаецца актуальнай. Патрыётаў, якіх выпусцілі, могуць у любы момант адправіць за краты зноў. Абвінавачванне, абсурднае абсалютна, не знятае з людзей дагэтуль. Нашыя правы і дэмакратыя не патрэбныя Лукашэнку. Нічога не змянілася ў гэтым плане», – пракаментаваў сітуацыю журналістам Статкевіч.

На пытанне карэспандэнта, ці чакае Статкевіч затрыманняў, як ужо было перад акцыямі вясной, той адказаў:

«Паглядзім, што будзе ў сувязі з прыездам парламентарыяў АБСЕ. Цяжка быць дыктатарам і папрашайкам адначасова, але няхай паспрабуе».

 

Наш тэлеканал будзе весці наўпроставую трансляцыю з афіцыйнага параду, а пасля і з акцыі, анансаванай Статкевічам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў