Пазняк пра Вейшнорыю: Нельга ператвараць небяспеку ў скамарошаства і балаган


Лідар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ назваў заяву Генштабу Беларусі пра ўмоўную краіну-суперніцу Вейшнорыю «фактам антыбеларускага плану гібрыднай вайны».

Пазняк адзначае, што «такога (каб пад вайсковыя вучэнні дзялілі краіну на варожыя часткі) не было, на колькі вядома, нідзе ў свеце і ні ў якіх вайсковых вучэннях».

Расеец-генерал у беларускім войску здаў расейскую таямніцу, упэўнены Пазняк.

«Маскоўскі план ёсць акупацыйны і тыпова расейскі. Метад характэрны для расейскіх агрэсараў. Прыдумваюць нейкі быццам бы «эканамічны», «сацыяльны», «нацыянальны», «тэрытарыяльны» альбо «рэлігійны» падзел у краіне, якую збіраюцца акупаваць, і пачынаюць раскручваць у прапагандзе гэты прыдуманы падзел, убіваць яго ў свядомасць людзей і суседзяў. Потым пачынаюць выкарыстоўваць гэтую сваю прапаганду дзеля ўводу ў краіну акупацыйнага войска, дзеля агрэсіі. Мы такое бачылі заўсёды і ўсюды, дзе расейскі спрут захопліваў чужыя тэрыторыі», – разважае палітык.

Пазняк лічыць, што расейскія спецслужбы разлічвалі на абурэнне і спрэчкі ў краіне, каб «падзяліць і сутыкнуць думкі беларусаў», але «пачалося нешта цалкам не зразумелае для Масквы».

«Беларусы сталі рагатаць, жартаваць і высмейваць маскоўскія планы ды гуляць у агрэсіўную «Вейшнорыю», якая, маўляў, верне ўсе землі ад Беластоку да Вязьмы і ўсталюе Вялікую Беларусь. Цяперашняя хітрая акупацыя, якую задумалі пад выглядам вайсковых вучэнняў «Захад-2017», і ўсе крамлёўскія планы скончацца, відаць, для Масквы маркотна, бо беларус пачаў смяяцца. Хто смяецца – той не баіцца. І знойдзе захопнік-маскаль у Беларусі сабе магілу».

Аднак зазначае, што «жарты ўсё ж трэба адкінуць, бо не той выпадак».

«Калі падысці да падзей канкрэтна і сурёзна, то трэба разумець, што вэрхал, жарты і ёрніцтва, якія пачаліся вакол варожых планаў акупацыі і прыдуманай Вейшнорыі, ня могуць працягвацца доўга (нават калі крыўлянне падхопіць агентура Масквы). Нельга ператвараць небяспеку ў скамарошаства і балаган. Масква ніколі не жартуе, жартаў не разумее і слязам ня верыць. Яна пачынае ўспрымаць рэчаіснасць толькі тады, калі дастане калом па хобаце ці рыдлёўкай па галаве».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў