Пазнаёміўся з дзяўчынамі ў кавярні, завёз дадому і забіў ва ўласнай ваннай. Міліцыя знайшла трупы ў кватэры былога зэка


Прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкаму паведаміла пра трагічнае здарэнне, якое адбылося раніцай 20 ліпеня ў Бабруйску.

На лінію 102 патэлефанавала невядомая дзяўчына, якая прасіла аб дапамозе, патлумачыўшы, што закрылася разам з сяброўкай у ваннай, куды ломіцца мужчына. Дзяўчына не змагла назваць дакладны адрас, толькі нумар кватэры – як пазней высветлілася, памылковы, гаворыцца ў паведамленні uvd.mogilev.by.

Даведаўшыся, хто патэлефанаваў у міліцыю праваахоўнікі высветлілі, што 26-гадовая бабруйчанка разам са сваёй 27-гадовай сяброўкай адпачывалі ў той дзень у кавярні і пазнаёміліся там з 36-гадовым неаднаразова судзімым мясцовым жыхаром, з якім потым паехалі на таксоўцы да яго на кватэру.

У ваннай у ягонай кватэры міліцыянты знайшлі трупы дзвюх дзяўчат, якія тэлефанавалі ў «дзяжурку».

Падазраванага ў забойстве затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Па факце здарэння распачалі крымінальную справу (ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу РБ – забойства).

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары