Пажылая пара з Камчаткі намагалася пакончыць з сабой – на жыццё ім пенсіі не хапала


Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: zanoza-news.com

Следчы камітэт Расеі пачаў праверку па факце атручвання ў г. Петрапаўлаўск-Камчацкі сямейнай пары. Усё сведчыць пра тое, што пенсіянеры хацелі сысці з жыцця добраахвотна. А ў сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваюць – ці можна прыцягнуць хоць каго-небудзь з ураду за «давядзенне да самагубства». Бо галоўнай прычынаю, каб пакончыць з сабой, пажылыя людзі назвалі галечу і немагчымасць пражыць на пенсію.

Двойчы адмовіліся ад шпіталізацыі

Як паведамляюць мясцовыя камчацкія інфармацыйныя агенцтвы, пажылая сямейная пара: 78-гадовы мужчына і яго 81-гадовая жонка катэгарычна не хацелі, каб іх ратавалі. Пасля таго, як іх амаль непрытомнымі выпадкова знайшла сацыяльная работніца, муж і жонка напісалі адмову ад шпіталізацыі… двойчы. Але ўжо трэцяя брыгада Хуткай дапамогі ўсё роўна даставіла іх у 2-гі гарадскі шпіталь Петрапаўлаўска-Камчацкага. Дыягназ – «вострае атручванне медычнымі прэпаратамі».

Незадаволены ці проста псіхічна хворы?

Аднак цяпер пажылым людзям цалкам можа пагражаць іншы дыягназ – псіхіятрычны. Ужо наступнага дня пасля атручвання з сямейнай парай пачалі працаваць у шпіталі адпаведныя спецыялісты. Стомленасць ад галечы і жаданне памерці ў адзін дзень, відаць, падаецца псіхолагам нечым ненармальным.

Знайсці тых, хто давёў пенсіянераў да самагубства

А інтэрнэт і сацыяльныя сеткі поўняцца заклікамі «знайсці ды пакараць». Стварыць прэцэдэнт. Галоўнае пытанне: ці можна жыццё на мізэрныя пенсіі і нечалавечыя ўмовы існавання назваць «давядзеннем да самагубства»?

Абмеркаванне спробы самагубства пенсіянераў у Тwitter (клікніце на малюнак, каб павялічыць). Крыніца: twitter.com/znak_com

Другое жыццё пасля недасамагубства

Стан пенсіянераў лекары ацэньваюць як стабільны, але дахаты іх усцяж не адпускаюць. Яны пад наглядам лекараў і, у першую чаргу, псіхолагаў. Цяпер, відаць, больш важна адсачыць не першую рэакцыю ўладаў і грамадства, але, што будзе далей. Ці ў стане рэгіянальны ўрад забяспечыць іх мэтавым падтрыманнем (такія абяцанні ўжо гучалі з боку прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнага развіцця Камчаткі). І ці дазволяць наагул пажылым нязбыўшымся самагубцам вярнуцца дадому? Ці забяспечаць добраахвотна-прымусовым лячэннем у адным са шпіталяў або дамоў састарэлых (каб не псавалі статыстыку і не стваралі адмоўны імідж).

На сёння Камчатка застаецца рэгіёнам з аднымі з самых высокіх па краіне коштамі на камуналку і харчы. Таму нават з рэгіянальнымі даплатамі развязаць задачу «выжыць на пенсію» па сілах, як бачна, не кожнаму Камчацкаму пенсіянеру.

Расейская пенсіянерка падарыла міністру мыла і вяроўку. Відэафакт

Суіцыду ўсе ўзросты пакорлівыя

Існуе памылковае меркаванне, што да суіцыду схільныя толькі закаханыя падлеткі і экзальтаваныя дамы. Асобы сталага ўзросту, як відаць, таксама ўваходзяць у зону рызыкі.

Паводле дадзеных дэмографаў, пра самагубства задумваецца 25% расейскіх пенсіянераў.

Паводле гэтага паказальніку, на жаль, Расея – адзін з сусветных лідараў. Галоўныя прычыны: праблемы са здароў’ем, самота, страта працы, якая складала значную частку іхнага жыцця, і галота… Пенсія, якую часцяком акрамя як жабрацкай ніяк назваць нельга. У 2018 годзе мінімальная пенсія ў Расеі складае 8726 расейскіх рублёў (каля $ 130). Знайсці падпрацоўку для пенсіянера – задача амаль што невыканальная. На кожную вакансію няні, прыбіральніцы або ахоўнікаў у чарзе стаяць дзясяткі асобаў, з якіх шмат хто з вышэйшай адукацыяй і навуковымі ступенямі (і гэта не перабольшванне). Але падпрацоўка даступная толькі «маладым» і здаровым пенсіянерам. Рэшце застаецца толькі выжываць. Або зводзіць з гэтым жыццём рахункі.

Вітайце, я вашая цёця! І хачу аліменты па старасці

Як вядома, рэформа 2018-га году, якая адсунула пенсійны ўзрост на 5 гадоў, акурат паводле заяваў яе ідэолагаў, і павінна вывесці пажылых асобаў з галечы. Крытыкі ў гэта вераць мала. Дэмаграфічная яма нараджальнасці ў 90-х наўрад ці дазволіць хоць крыху палепшыць умовы жыцця пенсіянераў. Гэта, хутчэй, магчымасць не праваліць выплаты пенсіяй цалкам, каб прынамсі гэтыя невялічкія сумы пераводзіліся пенсіянерам стабільна.

Тут ужо, хутчэй, найлепшы час прыгледзецца да іншай ініцыятывы адзінаросаў: у верасні 2018-га году яны прапанавалі больш актыўна спаганяць аліменты на пажылых бацькоў. У тым ліку і на непрацаздольных бацькоў «перадпенсійнага ўзросту» (г.зн. тых, хто праз увядзенне рэформы сыдзе на заслужаны адпачынак на некалькі гадоў пазней). Такім чынам дзяржава цалкам можа перакласці на маладое пакаленне не толькі пенсійныя ўзносы (22% брута ад заробкаў), якія цалкам выдаткоўваюцца на цяперашніх, а не будучых пенсіянераў, але і дадаць прымусовую выплату аліментаў (гаворка ў праекце не толькі пра бацькоў сталага ўзросту ці бабулях, але і пра цётак, стрыечных братоў і яшчэ больш далёкіх сваякоў).

Ці дапаможа гэта знізіць адсотак самагубстваў сярод асобаў сталага ўзросту, невядома. А вось «пакаленню-сэндвіч» – г.зн. 30-40-гадовым (тым, хто павінен несці матэрыяльную адказнасць адразу і за сваіх дзяцей, і за бацькоў), і праўда – хоць у пятлю лезь. Бо мінімальная заработная плата ў Расеі з траўня 2018 году складае 11 163 рублёў (гэта значыць, на 2,5 тысячы больш, чым мінімальная пенсія). Сярэдні ж заробак паводле дадзеных Расстата на той жа перыяд – каля 36 тысяч рублёў (каля $ 550). Аднак, па факце, у большасці рэгіёнаў краіны гэтая завоблачная лічба з’яўляецца максімальнай, а не сярэднім заробкам для асноўнай масы насельніцтва.

Чытайце таксама:

Депутат, голосовавший за повышение пенсионного возраста до 65 лет, умер в 63

Алена Гардзіенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары