Пажар у псіхіятрычным дыспансеры ў Смаргонскім раёне: загінулі 2 чалавекі


Раніцай 12 снежня ў Смаргонскім раёне ў Гарадзенскай абласной псіхіятрычнай лякарні «Жодзішкі» адбыўся пажар: загінулі 2 чалавекі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Узгаранне тэлевізара адбылося ў фае на другім паверсе Гарадзенскай абласной псіхіятрычнай лякарні «Жодзішкі», агонь хутка перакінуўся на сцены і столь будынку.

Дзяжурная змена лекараў і медсясцёр выклікалі МНС і пачала эвакуацыю пацыентаў.

«Да прыбыцця ратавальнікаў практычна ўсе пацыенты былі выведзеныя з зоны пажару. На жаль, адзін з пацыентаў (па нявысветленых прычынах) вярнуўся ў задымлены калідор медустановы і загінуў. Яшчэ адну пацыентку байцы МНС вынеслі на свежае паветра. Але, актыўныя рэанімацыйныя дзеянні брыгады, не прывялі да чаканага выніку. Спадарожныя паталогіі і ўзрост (1939 г.н.) адбіліся на яе здароўе, на жаль – жанчына памерла», – канстатуюць у Міністэрстве аховы здароўя.

Ратавальнікі не дапусцілі распаўсюджвання пажару за межы фае. МНС паведамляе, што загінулых двое – мужчына 1953 года нараджэння і жанчына 1939 году нараджэння.

На месцы здарэння.
Фота: mchs.gov.by

Цяпер на месцы здарэння знаходзіцца міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Кроткова.

Міністэрствам аховы здароўя зараз займаецца перакладам пацыентаў у іншыя лякарні.

Працаўнік СК на месцы пажару. Фота – t.me/skgovby

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 304 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека).

  • Гэта не першы пажар у беларускіх псіхіятрычных дыспансерах з чалавечымі ахвярамі. У 2003 годзе пры пажары ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным дыспансеру (Гарадзенская вобласць) загінуў 31 чалавек.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў