Пажар у Медуніверсітэце ў Менску – 250 эвакуяваных


Выгарэў пакой у высотным будынку інтэрнату. Працаўнікі МНС выратавалі дваіх чалавек. Яшчэ адзін з жыхароў інтэрнату атруціўся дымам, але сам звярнуўся да медыкаў.

Пажар у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, 6 снежня 2018. Фота – mchs.gov.by

Увечары 6 снежня, а 18:58 жыхары інтэрнату БДМУ – на сталічнай вуліцы Дзяржынскага паведамілі ў МНС аб пажары. Загарэўся невялікі пакой на дзясятым паверсе 12-павярховіка. Як паведамляе МНС, у будынку спрацавала сістэма апавяшчэння аб пажары, персанал інтэрнату і ратаўнікі эвакуявалі 250 асобаў.

Пажар у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, 6 снежня 2018. Фота – mchs.gov.by


Пажар аператыўна лакалізавалі – не далі распаўсюдзіцца далей, а потым згасілі. Ніхто не загінуў. Цяпер высвятляюць прычыны здарэння.

Пажар у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, 6 снежня 2018. Фота – mchs.gov.by


У выпадку пажару Міністэрства надзвычайных сітуацыяў рэкамендуе паспрабаваць самастойна патушыць невялікі агонь: коўдрай ці рушніком (не з сінтэтычных матэрыялаў!) накрыць полымя, каб перакрыць агню кісларод. Калі тушыць вадой, то не ліць яе на электрапрыборы і алей, які гарыць (гэта можа яшчэ больш узмацніць полымя).

Пажар у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, 6 снежня 2018. Фота – mchs.gov.by


Калі агонь вялікі, ці ў вас не атрымалася патушыць яго самастойна за пару хвілінаў, тэлефануйце «101» ці «112», назавіце дыспетчару МНС адрас і месца пажару, колькі ў будынку людзей, і што можа загарэцца побач.

Тэрмінова пакіньце кватэру, дом. Паспрабуйце шчыльна зачыніць дзверы ў пакой, ахоплены агнём, каб полымя не распаўсюдзілася.

Поўная інструкцыя дасяжная на старонцы МНС.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў