Пажар на калійным рудніку: 9 чалавек пад зямлёй і сувязі з імі няма


Раніцай 22 снежня на калійным рудніку ў Салікамску (Расея) адбыўся пажар. Пад зямлёй засталіся 9 чалавек, на месцы працуюць ратавальнікі, паведамляе на сваім сайце кампанія «Уралкалій».

«Адбылося задымленне ў 4 ствале калійнага рудніка № 3. Там апынуліся 9 працаўнікоў падраднай арганізацыі. Іх шукаюць ратавальнікі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Паводле ТАСС, цяпер у шахце моцнае задымленне і высокая тэмпература, сувязі з людзьмі няма. Шанцы на іх выратаванне невялікія, бо кіслародныя балоны ў тых, хто застаўся ў шахце, разлічаныя прыблізна на 1 гадзіну. Пажар пачаўся каля 10 раніцы паводле маскоўскага часу.

Ратавальнікі ўжо некалькі разоў спрабавалі спусціцца да гарнякоў, заблакаваных на глыбіні 363-х метраў.

На момант загарання пад зямлёй знаходзіліся 17 чалавек, восем вывелі на паверхню. Выведзеныя з шахты працаўнікі не пацярпелі, піша interfax.ru. Пажар пачаўся падчас правядзення будаўнічых працаў, паведаміў прадстаўнік кампаніі «Уралкалій».

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па факце магчымай гібелі дзевяці чалавек.

UPD 23 снежня: ратавальнікі знайшлі целы 9 асобаў, заблакаваных у шахце.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў