Павел Якубовіч на БТ: «Пагоня» – выдатны сімвал


Галоўны рэдактар ​​газеты «СБ – Беларусь Сегодня» Павел Якубовіч публічна прызнаўся ў асаблівым стаўленні да гістарычнага беларускаму сімвала – «Пагоні».

Кацярына Вандар'ева першая злева. Фота pressball.by
Кацярына Вандар’ева першая злева. Фота pressball.by

Тэма герба была паднятая старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам у праграме «Клуб рэдактараў» на канале «Беларусь 1». Вядоўца прапанаваў абмеркаваць тэму заявы чэмпіёнкі свету па кікбоксінгу Кацярыны Вандарʼевай – спартоўка папрасіла не адносіць яе да апазіцыі толькі на той падставе, што ў сеціве была апублікаваная яе фатаграфія ў майцы з «Пагоняй».

«Нават калі са мной усе будуць не згодныя, я ўсё роўна выкажу сваё меркаванне. Я з вялікім унутраным піетэтам стаўлюся да герба «Пагоня». Гэта вельмі добры гістарычны сімвал, у яго велізарная гісторыя. Так, некалі мае асабістыя ворагі ў гады акупацыі нашай зямлі германскімі войскамі ўзялі выдатны, самы просты сімвал «Пагоня» і лозунг «Жыве Беларусь!» сабе на ўзбраенне. Гэта ж нічога не значыць. Яны ўжо згнілі ў зямлі, хтосьці быў павешаны, хтосьці збег за мяжу. Дык чаму выдатны лозунг «Жыве Беларусь!» цяпер павінен разʼядноўваць?», – заявіў Якубовіч.

Генадзь Давыдзька падтрымаў Якубовіча: «Калі нехта ў масцы Санта-Клаўса абрабаваў банк, гэта зусім не значыць, што Санта-Клаўс – дрэнны персанаж».

Генадзь Давыдзька з «Пагоняй» на саколцы
Генадзь Давыдзька з «Пагоняй» на саколцы

Генадзь Давыдзька нават паказаў, што мае на майцы «Пагоню» ў выглядзе герба Віцебскай вобласці. З другога боку на майцы старшыні Белтэлерадыёкампаніі быў афіцыйны герб Беларусі.

Беларускія футбольныя заўзятары адзначаюць, што міліцыянты не пускаюць іх на стадыён, калі бачаць выяву «Пагоні» на элементах вопраткі. Раней у «Клубе рэдактараў» пазітыўна выказваліся пра «Малады фронт».

МЯ, паводле pressball.by

Стужка навінаў