Павел Усаў: словы Лукашэнкі фармуюць моцную хвалю раздражнення, бо яны неадэкватныя


Аляксандр Лукашэнка на шэсці 3 ліпеня. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Аляксандр Лукашэнка пачаў раздаваць абяцанні і ў ліпені падпісаў некалькі дакументаў, якія ставяць на мэце палепшыць сацыяльна-эканамічнае становішча грамадзянаў краіны. Сярод гэтых дакументаў – распараджэнне «Аб дадатковых захадах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва», а таксама распараджэнне аб будаўніцтве інтэрнатаў для шэрагу ВНУ ў 2020-2024 гадах. Гучыць і абяцанне павялічыць заробкі для бюджэтнікаў. Але ці вераць беларусы ў гэтыя абяцанні?

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка анансаваў пазітыўныя змены ў краіне, якія ён плануе рэалізаваць, калі яго абяруць на чарговы тэрмін. Праз распараджэнні кіраўнік краіны загадаў чыноўнікам своечасова і якасна рамантаваць дарогі, жыллё, добраўпарадкоўваць тэрыторыі, развіваць сетку грамадскага транспарту, забяспечваць людзей чыстаю пітной вадой, не павышаць «неабгрунтавана» кошты, але павышаць зарплаты і не затрымліваць іх, «вырашаць пытанні занятасці», аказваць якасную медычную дапамогу і забяспечваць лекамі «па прымальным коштах», апроч таго – даваць даступныя крэдыты на жыллё, ствараць новыя інтэрнаты для студэнтаў. Але вось толькі распараджэнні не прадугледжваюць тэрмінаў, механізмаў, выдаткавання сродкаў на вырашэнне праблемаў. На думку адмыслоўцаў, гэта папулісцкія дакументы і пустыя абяцанні, паколькі ў эканоміцы краіны няма сродкаў на выкананне пастаўленых задачаў.

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: «Белсат»

«За апошнія пяць гадоў эканамічная і сацыяльная сітуацыя ў Беларусі моцна пагоршылася. Да гэтага варта далічыць наступствы каронавірусу. Таму ў беларускіх уладаў няма аніякіх сродкаў, каб рэалізаваць папулістычныя абяцанні, якія датычаць павышэння заробкаў, паляпшэння ўзроўню жыцця, ільготаў для пенсіянераў ці студэнтаў. Усё гэта насамрэч эканамічная фікцыя, якая павінная была б злагодзіць напружаную сітуацыю, зменшыць крытыку на адрас Лукашэнкі. Фактычна ён абяцае невыканальнае, за што крытыкаваў сваіх апанентаў. Акрамя папулізму ў словах Лукашэнкі нічога няма. Тыя, хто яму верыць, будуць за яго галасаваць. Але большасць беларусаў падыходзяць рацыянальна да таго, што адбываецца ў краіне, таму не стануць галасаваць за гэтыя пустыя прапановы», – падзяліўся меркаваннем палітолаг Павел Усаў.

Hавiны
20 гадоў чакання: абяцанні, якія Лукашэнка не выканаў
2020.06.29 14:00

Абяцанні Лукашэнкі, якія не спраўдзіліся

Беларусы за апошнія пяць гадоў пераканаліся, што словы і справы кіраўніка краіны разыходзяцца. Лукашэнка абяцаў не павялічваць пенсійны ўзрост, але не стрымаў свайго слова. Абяцанні павялічыць заробак да $ 500 таксама не спраўдзіліся. Цяпер жа зноў гучаць словы пра павелічэнне заробкаў.

«Мы будзем імкнуцца да таго, каб усё-ткі ў два разы ў нас у будучай пяцігодцы вырас заробак. Асабліва ў настаўнікаў, лекараў», – сказаў Лукашэнка.

Шчодра паабяцаў кіраўнік краіны павялічыць заробкі і прафесарска-выкладчыцкаму складу.

«Безумоўна, усе дасягненні грамадскай адукацыі – гэта і вашая заслуга. Мы памятаем гэта, цэнім і імкнемся ўсяляк падтрымліваць вас, у тым ліку матэрыяльна. Пачалі паэтапна павышаць заробкі прафесарска-выкладчыцкага складу. На працягу будучай пяцігодкі мы абавязкова давядзем ваш заробак да 150 % ад сярэдняга па краіне», – заявіў Лукашэнка ў чэрвені сёлета.

Аб’ектыў
Пенсійная надбаўка «не для папулізму»
2020.06.21 21:32

Але падобныя словы гучалі і ў 2018 годзе, і ў 2015. Аляксандр Лукашэнка загадваў кіраўнікам аблвыканкамаў павялічыць заробкі ў тым ліку і на вёсках. Гучала абяцанне павысіць аплату працы аграрыям спачатку да Br 800, а потым і да Br 1000.

Але цяпер словы і абяцанні кіраўніка краіны не знаходзяць падтрымання ў беларусаў.

«Я думаю, што змянілася стаўленне не толькі да абяцанняў Лукашэнкі, але ўвогуле да ўсяго, што ён гаворыць. І ягоныя словы фармуюць моцную хвалю раздражнення, бо яны неадэкватныя. Я кажу не толькі пра эканоміку, але ўвогуле, пра ягоныя выступы на працягу бягучага года. Калі мы кажам пра ягонае стаўленне да каронавіруса і тых, хто заразіўся, то Лукашэнка цалкам знішчыў давер да сваіх словаў. Ён стварыў умовы, калі ягоныя выказванні паддаюцца ўсеагульнай крытыцы і недаверу. Таму незалежна ад таго, што ён кажа, як ён кажа, чаго б не датычылі ягоныя выказванні, яны ўспрымаюцца абсалютна негатыўна», – адзначае Павел Усаў.

Hавiны
Ярмошына: У абяцанні Лукашэнкі нагадаць пра расстрэлы ў Андыжане пагрозаў няма
2020.06.08 21:10

Лукашэнка страціў легітымнасць і давер

«І гэта своеасаблівая псіхалагічная метамарфоза ў дачыненні да словаў лідара. Калі адбываецца дэвальвацыя даверу і легітымнасці ў дачыненні да лідара, то ўсе ягоныя словы і захады ўспрымаюцца дрэнна. Сёлета адбылася рацыяналізацыя грамадства. Канечне, засталася частка людзей, якія маюць профіты ад гэтай сістэмы. Але большая частка крытычна ставіцца і не ўспрымае ўсур’ёз словы і палітыку Лукашэнкі. Спіраль гэтага недаверу будзе нарастаць. Пытанне ў тым, якога ўзроўню псіхалагічны выбух адбудзецца. Мы бачым унутраную напружанасць у грамадстве і бачым, што перыядычна гэта выплёскваецца ў вулічных акцыях. Тэмпература грамадскага недаверу будзе расці. Наступныя пяць гадоў (калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе) будуць самыя цяжкія за ўвесь час кіравання Лукашэнкі, бо ён фактычна страціў легітымнасць, страціў падтрыманне ў боку грамадзянаў. І наўрад ці яно вернецца», – рэзюмуе палітолаг.

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў