Павел Усаў: Калі пераможа Трамп, Беларусь аддадуць на водкуп Расеі


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Пра эфекты для Беларусі ад перамогі на выбарах у ЗША Трампа і Клінтан у эфіры «Белсату» разважае палітолаг Павел Усаў.

Вольга Сауле: Адносна нядаўна Лукашэнка заявіў, што «галоўная бяда Гілары Клінтан у тым, што амерыканскае грамадства не даспела да таго, каб прэзідэнтам стала жанчына».

Павел Усаў: Не варта прыслухоўвацца да словаў Лукашэнкі, бо, напэўна, грамадства не даспела да таго, каб у Штатах з’явіўся кандыдат-афраамерыканец, але ён з’явіўся. Нягледзячы на тое, што ў сваёй гісторыі ЗША перажылі шмат драматычных момантаў звязаных з расізмам.

Безумоўна, ЗША даспелі да таго, каб прэзідэнтам стала жанчына.

Яе называюць першай канкурэнтаздольнай кандыдаткай на дзяржаўную пасаду сярод жанчын. У Беларусі яна мае амплуа абаронцы палітвязняў. Ці яна працягне сваю палітыку?

Цікава, што ў гэтай кампаніі ролі дэмакратаў і рэспубліканцаў памяняліся: менавіта апошнія традыцыйна больш жорстка ставіліся і ставяцца да аўтарытарных краінаў і да [пытанняў] правоў чалавека: мы памятаем адміністрацыю Джорджа Буша-малодшага з яе жорсткім падыходам да Беларусі, яна нават уключыла Беларусь у чорны спіс краінаў, якія дапамагаюць тэрарызму.

Давайце паглядзім, што цяпер кажа Трамп пра Расею: што ён «зменіць сваю палітыку ў дачыненні да Расеі», што яна «зноўку станецца сябрам». Раней такой рыторыкі ў рэспубліканцаў не было.

Дэмакраты ж цяпер стаяць на даволі жорсткіх пазіцыях у дачыненні да Расеі і да аўтарытарных краінаў. Калі казаць пра беларускі кантэкст, ён, безумоўна, будзе іншы. Цяпер сітуацыю ў Беларусі вырашае не сам рэжым, а геапалітычнае атачэнне і сітуацыя, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь.

Нас будуць дзяліць паміж кімсьці?

Дзяліць не будуць. Наагул на Захадзе і, мяркую, у ЗША вядучай з’яўляецца ідэя адцягнення Беларусі ад уплываў Расеі. Таму пытанне правоў чалавека і дэмакратыі адыходзіць на іншы бок.

Калі палітыкі ЗША павераць, што Лукашэнка з’яўляецца самастойным гульцом і гарантам дэмакратыі, яны будуць заплюшчваць вочы на ўсе праблемы, звязаныя з правамі чалавека. На жаль, гэта не будзе ісці на карысць ні беларускаму грамадству, ні Беларусі як такой.

Калі пераможа Трамп, Беларусь знікне з той карты ці з той павесткі дня прыярытэтаў для ЗША. Калі справы з Расеяй пойдуць добра ў разуменні Трампа, Беларусь будзе адштурхнутая і адданая на водкуп Расеі. Калі ён будзе рэалізоўваць сваю палітыку, пра якую ён казаў падчас выбарчай кампаніі, Расея стане поўным гаспадаром на ўсёй постсавецкай прасторы.

Глядзіце поўную размову Вольгі Сауле з Паўлам Усавым у «Гарачым каментары»

Стужка навінаў