Шарамет на «Белсаце». Журналіст папярэджваў пра небяспеку расейскай прапаганды


Вядомы беларускі тэлежурналіст, публіцыст, стваральнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» Павал Шарамет неаднаразова выступаў ў эфіры «Белсату», каментуючы найважнейшыя палітычныя падзеі. Мы сабралі апошнія найважнейшыя інтэрвʼю і каментары беларускага публіцыста.

«Публікацыі пра беларускіх бандэраўцаў – гэта знак бяды»

У адным з выпускаў праграмы «Гарачы каментар» Павал Шарамет папярэджваў, што «грамадскім меркаваннем у Расеі авалодалі рэваншысты і маргіналы з рознага кшталту ідыёцкімі ідэямі». І гэта нясе пагрозу Беларусі.

«Пытанне пра фізічнае далучэнне Беларусі да Расеі з шэрагу недарэчных пераходзіць у шэраг канкрэтных. І многія з сайтаў, што яшчэ нядаўна лічыліся больш-менш сурёзнымі, публікуюць гэтыя шчыра рэваншысцкія ідэі. І таму чакаць ад Расеі можна ўсяго, што заўгодна», – сказаў Павал Шарамет.

У «Гарачым каментары» на «Белсаце» Павал Шарамет каментаваў зʼяўленне ў расейскіх медыях публікацый пра «бандэраўскае падполле». «Гэта знак бяды. У першую чаргу гэта – знак бяды для расейскага грамадства. Гэтыя вар’яты авалодваюць розумамі і ў прынцыпе мы не можам цяпер прагназаваць, як далёка завядзе фантазія гэтых дзіўных людзей», – заявіў публіцыст.

Лукашэнка і ягоная сямʼя

Павел Шарамет неаднаразова выказваўся пра «клан Лукашэнкі», ягоных сыноў, якія хоць “не свецяцца” у дзяржмедыях, тым не менш, маюць вялікі ўплыў у наменклатуры. Выключэнне – наймалодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай. Паводле Шарамета, кіраўнік Беларусі выкарыстоўвае Колю, каб крыху ацяпліць свой вобраз дыктатара.

На думку журналіста, Лукашэнка згубіў пачуццё меры. «Я думаю, што большасць беларусаў гэтая гісторыя спачатку палохала, а цяпер стала раздражняць», – мяркуе Павел Шарамет. На ягоную думку, Коля Лукашэнка наўрад ці стане наступнікам сённяшняга кіраўніка Беларусі.

Ёсць толькі адзін выпадак у гісторыі, калі ўлада перайшла ад бацькі да сына, а потым унуку. Гэта гісторыя паўночнакарэйскіх дыктатараў. Калі беларусы – паўночнакарэйцы, то так і адбудзецца, нічога выключаць нельга. Але беларусы, мы з вамі, – еўрапейскі народ. У гісторыі Еўропы было шмат трагічных і крывавых момантаў. Але ў нашым выпадку гэта такі трагічна-карыкатурны, крывава-карыкатурны момант. Я не думаю, што мы пабачым наследніка Мікалая Лукашэнку”, – сказаў Павал Шарамет.

Усе інтэрвʼю і праграмы »Белсату« з удзелам Паўла Шарамета можна паглядзець на нашым Youtube-канале.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў