Павел Севярынец пра 10 содняў за Курапаты: Ім трэба арыштаваць сотні людзей, каб спыніць варту


Рашэнне пра адміністратыўны арышт палітыка прыняла сёння суддзя Ала Скуратовіч. Справа разглядалася ў судзе Фрунзенскага раёну Менску.

Палітык не прыйшоў на паседжанне. Cёння яго затрымалі дома. Сіні бус чакаў палітыка ля пад’езда, паведаміла ягоная жонка Вольга.

Севярынца прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікету і за тое, што «стаяў з бел-чырвона-белым сцягам». Супраць яго сведчылі два міліцыянты. Паводле іх, Севярынец перашкаджаў аўтамабілям і раздаваў улёткі.

Палітык ужо адседзеў 10 содняў арышту на пачатку ліпеня.

«Ім трэба будзе па чарзе арыштаваць сотні людзей, каб спыніць варту Курапатаў. Штодня туды прыходзяць сотні людзей. Я сам да іх не пайду здавацца. Можа затрымаюць сёння, можа ў сераду, калі мая варта ў Курапатах. Гэта проста гульня на нервах. Варта стаіць і будзе стаяць», – пракаментаваў рашэнне суддзі актывіст.

Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо два месяцы актывісты стаяць ля брамы рэстарацыі «Поедем, поедим» і патрабуюць яе ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.

Суды неаднаразова каралі абаронцаў Курапатаў штрафамі і арыштамі – усяго было заведзена 140 адміністратыўных справаў. З 4 жніўня 10-содневы арышт адбывае актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. На актывістаў некалькі разоў наязджалі аўты нібыта наведнікаў рэстарану, узнікалі бойкі з ахоўнікамі. Ніводнага з атакуючых актывістаў не пакаралі.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў