Павел Латушка: Будуць эканамічныя санкцыі


Рахункі тых, хто краў грошы ды вывозіў іх з Беларусі, будуць арыштаваныя. Рыхтуюць спіс прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і дапамагаюць адмываць грошы. Таксама вядзецца праца над пашыраным персанальным санкцыйным спісам Еўразвязу, у які могуць трапіць тысячы асобаў. Хто ў ім будзе? Падрабязнасці – у інтэрв’ю з сябрам прэзідыуму Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам.

Якою вы бачыце пазіцыю Крамля ў дачыненні Беларусі цяпер? Ці вы пагаджаецеся з раскладам, пра які кажуць шмат якія эксперты: Пуціну Лукашэнка цяпер нявыгадны, ён гатовы яго здаць і пад новыя выбары правесці кандыдата, які будзе прарасейскім?

Калі мы кажам пра партнёрскія стасункі Расеі з Беларуссю – ці ён бачыць у Лукашэнку сапраўднага партнёра? Па-першае, праблема ўнутранага ўспрыняцця ў грамадстве Лукашэнкі вельмі вялікая. Большая частка беларусаў не ўспрымаюць яго як прэзідэнта, яны не згодныя з вынікамі выбараў. Другая праблема – гвалт, які ажыццяўляецца на ягоны загад у дачыненні мірных пратэстоўцаў. Тых, якія выходзяць з патрабаваннем спыніць гвалт і правесці паўторныя выбары. І тут імідж амаль страчаны. Па-трэцяе, міжнароднае ўспрыняцце Беларусі. Усё гэта з пункту гледжання партнёрскіх стасункаў не адпавядае інтарэсам РФ. З іншага боку, мы разумеем, што Расея разглядае гэтую сітуацыю ў межах сваіх двухбаковых інтарэсаў.

Слабы кіраўнік Беларусі, кім бы ён ні быў у вачах беларусаў, выгадны Расеі. Фактычна вонкавая палітыка разбураная на заходнім кірунку, практычна – з усім светам. А ў дачыненні Расеі ён стаіць на каленях. Размаўляць з асобай, якая стаіць на каленях, як мы разумеем, больш лёгка, але з іншага боку ёсць праблема: можна праводзіць такія размовы, нават падпісваць дамовы, але ці будуць яны мець прававы сэнс з пункту гледжання расейска-беларускіх стасункаў, міжнароднага права? Не будуць. Гэтая супярэчлівая сітуацыя прыводзіць Крэмль да высновы, што Лукашэнку трэба замяніць. І пастанову гэтую прынялі даўно, у гэтым няма сумневу. Пытанне толькі ў часе, калі гэта адбудзецца. Ці наступнымі днямі, ці да канца года, але гэтае пытанне вырашанае.

Яшчэ адна праблема – эканамічная. Фактычна Беларусь – у эканамічным калапсе. Паводле маіх звестак, на гэтым тыдні ў Савеце міністраў Беларусі разглядалі пытанне размеркавання 500 мільёнаў долараў, якія даў Пуцін на падтрыманне беларускай эканомікі. Вырашалася, ці банкрутуе банкаўская сістэма, ці захаваць галоўныя прадпрыемствы. Прынятая пастанова – сродкі ў першую чаргу аддаць прадпрыемствам, каб яны змаглі выплаціць заробкі. Найбліжэйшым часам гэта прывядзе да банкруцтва банкаўскай сістэмы, да таго, што ў нас будуць фінансава няздольныя шэраг банкаў краіны. Пуцін і Расея будуць вымушаныя даінвестоўваць у Беларусь. Гэта таксама не адпавядае інтарэсам Расеі. Фінансуючы Беларусь, яны павінны атрымліваць нешта наўзамен. Гэта можна скарыстаць. Таму ўся гэтая нестабільнасць дае плюсы расейскай палітыцы ў дачыненні Беларусі і мінусы. Але мне здаецца, што мінусаў значна больш, таму яны зацікаўленыя замяніць Лукашэнку на больш стабільнага і прадказальнага лідара.

ВІДЭА
Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?
2020.10.16 13:16

І хто б гэта мог быць?

Калі б мы ведалі, гэта было б вельмі цікава, але я перакананы, што мы і ведаць не хочам. Мы хочам, каб у Беларусі быў свой лідар, абраны беларускім грамадствам у інтарэсах Беларусі як незалежнай краіны. І так будзе, бо большасць беларусаў хоча жыць у самастойнай незалежнай Беларусі.

Святлана Ціханоўская ўзяла абавязкі нацыянальнае лідаркі. Некаторыя называюць яе абранаю прэзідэнткай, яна вельмі ўдала выконвае сваю місію на Захадзе, яе паважаюць, яна робіць візіты амаль на дзяржаўным узроўні, сустракаецца з Макронам, Мэркель. Што далей? Як вы як Каардынацыйная рада плануеце ўтрымліваць гэты фокус свету на Беларусі? Якія крокі ў міжнароднай палітыцы вы плануеце рабіць надалей?

Актыўны міжнародны дыялог ідзе. Ён працягваецца як на найвышэйшым узроўні, так і на ўзроўні міністраў замежных справаў, так і на ўзроўні еўрапейскіх паслоў, у тым ліку прадстаўнікоў ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, з еўрапарламентарамі ды парламентамі розных краінаў. У мяне было zoom-злучэнне з Бруселем, будзе канферэнцыя з Лонданам. Рабочыя кантакты ідуць вельмі актыўна ды інтэнсіўна. Цікава, што іх ініцыююць у большай ступені нашыя партнёры. Яны зацікаўленыя з першых вуснаў атрымаць інфармацыю пра рэальны стан рэчаў у Беларусі, пра падыходы, якія чакае КР і нацыянальны лідар Беларусі да развязання гэтае сітуацыі. Галоўнае, што мы абмяркоўваем, – як будзе жыць Беларусь у дзень, калі самалёт з Лукашэнкам вылеціць з нашай краіны. Гэта канкрэтныя перамовы, звязаныя з апрацоўваннем плану эканамічнай стабілізацыі. Зразумела, мы зацікаўленыя ў такіх перамовах з РФ як нашым партнёрам, але, на жаль, мы не можам хадзіць і прасіць пастаянна паразмаўляць з намі.

Гэта выбар і пастанова расейскага ўраду, ці ён хоча праводзіць перамовы з рэальнымі сіламі, якія будуць кіраваць краінаю заўтра. На жаль, пакуль такога адказу няма, але, думаю, ён хутка будзе, бо іначай не можа быць. Мы суседзі, і як суседка Расея зацікаўленая мець добрыя стасункі ды размаўляць з уладамі суседняй краіны. Лукашэнка фактычна страціў легітымнасць, страціць і ўладу ў самым кароткім часе.

Ці вы лічыце санкцыі Еўразвязу і ЗША ў дачыненні Лукашэнкі ды найбліжэйшых працаўнікоў эфектыўнымі? Калі б у вас была магчымасць накласці эфектыўныя санкцыі, што б вы асабіста зрабілі?

Складанае і супярэчлівае пытанне. Пра гэта ідуць дыскусіі ў ЕЗ з нашымі партнёрамі. Ёсць некалькі катэгорыяў санкцый. Першая – спіс палітычных асобаў, вінаватых у парушэнні выбарчага заканадаўства, якія аддаюць загады супраць мірных дэманстрантаў ажыццяўляць гвалт. Другі элемент – эканамічны пераслед такіх асобаў. Трэці – могуць быць кропкавыя санкцыі ў дачыненні прадпрыемстваў, што фінансуюць рэжым. Чацверты – могуць быць сектаральныя санкцыі эканомікі. Пяты – агульнаэканамічныя санкцыі. Пяты элемент найбольш складаны. Наўрад ці сёння можна разлічваць, што ЕЗ прыме скаардынаваную пазіцыю на гэты конт.

Гэтак нам кажуць усе партнёры. Вельмі важны імпульс, які мы даём і атрымліваем наўзаем: развязанне беларускай сітуацыі – гэта развязанне беларускага народу. Зразумела, міжнародная салідарнасць нам патрэбная. Міжнародная салідарнасць – гэта перадусім ацэнка з пункту гледжання прынцыпаў функцыянавання еўрапейскае супольнасці. Ці еўрапейская супольнасць можа пагадзіцца, што ў адной з краінаў Еўропы людзей трымаюць у турмах, гвалцяць, забіваюць на вуліцах грамадзянаў, людзі знікаюць, іх звальняюць? Пацярпелі дзясяткі тысяч асобаў. Гэта не адпавядае прынцыпам еўрапейскага грамадства. Еўрапейскія краіны павінныя рэагаваць на пастулаты свайго грамадства, а не на нашыя просьбы і прапановы. Хуткім часам спіс будзе пашыраны – на Аляксандра Лукашэнку і асобаў, якія непасрэдна бяруць удзел у парушэнні заканадаўства.

ВІДЭА
Новы санкцыйны спіс пакуль у сакрэце. Ці Захад пазбавіць Лукашэнку грошай?
2020.10.17 09:35

Гэта працаўнікі міліцыі, пракуратуры, следчыя, суддзі, кіраўнікі і намеснікі райвыканкамаў, якія займаліся фальсіфікацыяй, чальцы выбарчых камісіяў. Гэта вялікая праца, рыхтаванне ўсіх факталагічных матэрыялаў, што перадаюць у еўрапейскія структуры. Спіс, на жаль, даволі вялікі, гэта тысячы людзей. Яны павінныя зразумець, што будуць пакараныя. Калі не з пункту гледжання сённяшняга беларускага заканадаўства, то з пункту гледжання санкцыйнай палітыкі ЕЗ. Эканамічныя санкцыі будуць. Рыхтуецца спіс прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым і дапамагаюць адмываць грошы. Тут трэба зразумець тым, хто яшчэ падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, колькі скрадзена за гэтыя гады грошай з Беларусі. Міністрамі, прэм’ер-міністрамі, прэзідэнтам, ягоным атачэннем, Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта.

Структура, якая не мае празрыстага бюджэту. Гэта грошы, якія вымываліся ў схемах пры экспарце «БелАЗаў», МТЗ, грошы, звязаныя з перапрацоўваннем нафты, калійнымі ўгнаеннямі, Беларускім металургічным заводам. У нас ёсць звесткі паводле ўсіх гэтых кірункаў. Адпаведнае дасье будзе зробленае. Яго перададуць у еўрапейскія структуры ды ЗША. Усе гэтыя рахункі будуць арыштаваныя. Усе датычныя будуць пакараныя ў адпаведнасці з заканадаўствам. У нас цяпер працуе каманда, якая рыхтуе гэтыя матэрыялы. Ёсць юрыдычная кампанія, міжнародныя адвакаты. Што датычыць сектаральных і агульных санкцыяў, думаю, гэта складанае пытанне. Перадусім гэта ў руках Еўразвязу.

Інтэрв’ю для праграмы «ПраСвет» ад 16.10.2020

Калаж з фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Стужка навінаў