Павел Грыб, якога ФСБ выкрала ў Беларусі: «Я адчуваў, што не вярнуся»


Украінскі палітвязень Павел Грыб, якога расейскія ўлады вінавацяць у падрыхтоўцы тэракту, напісаў ліст у расейскую «Новую газету». Хлопец піша, што яго чакае або турма на доўгія гады, або смерць, бо ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«Малаверагодна, што хутка ўсё скончыцца. Я бачу такую перспектыву: або смерць, або турма, дзе мне трэба будзе прабыць наступныя гады свайго жыцця. Гэта ў тым выпадку, калі я не памру раней, чым туды паеду. Туды адпраўляюць тэрарыстаў, і не ўсе вяртаюцца жывымі. Мне там наогул без лекаў не выжыць. А іншай перспектывы няма», – цытуе Паўла Грыба «Новую газету».

Украінскі палітвязень піша: калі ён ехаў на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай у Гомель, ён разумеў, што гэта правакацыя. Нагадаем, перад сустрэчай ФСБ пад пагрозаю крымінальнага пераследу прымусіла дзяўчыну супрацоўнічаць.

«Я разумею, што не вінаваты, але я, як звер у пастцы. Вінавачу сябе вось у чым: я ведаў, куды і для каго еду, і адчуваў, што не вярнуся. Але, ня слухаўшы ніякіх перасцярог, я паехаў. Думка такая: не пакутаваць дарма. Я не мог усё цалкам прадбачыць. Гэта пастка, у якую я трапіў, як звер у пастку. Навошта я папёр у пастку, ведаючы, што некаторыя абставіны і абяцанні прымушаюць зрабіць нечуванае? Потым я толькі пераканаўся ў тым, што падазраваў. Цаной сваёй свабоды і жыцця. Найбольшая расчараванне ў тым, што мой страх спраўдзіўся. Мяне сапраўды здалі і здрадзілі па слабой волі. Наўрад ці мне было наканавана якім-небудзь такім спантанным і незразумелым мне рашэннем тут апынуцца. І не дай бог тут застацца назаўжды і памерці», – кажа Грыб.

Раней украінская амбудсмэнка Людміла Дзянісава паведаміла, што 20-гадовы Грыб «знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці». Яму тэрмінова патрэбная аперацыя на сэрцы, яго стан здароўя «звышкрытычны». Медыкі знайшлі ў Грыба шэраг цяжкіх захворванняў, але адміністрацыяй СІЗА ягоны стан здароўя ігнаруецца.

  • 24 жніўня 2017 года Павел Грыб быў выкрадзеныў працаўнікам ФСБ у Гомлі, куды хлопец прыехаў, каб сустрэцца са знаёмай дзяўчынай. ФСБшнікі вывезлі яго ў Смаленскую вобласць. «Мне на галаву нацягнулі капюшон, пагрузілі ў мікрааўтобус і вывезлі ў лес. Білі па нагах і ў жывот, здымалі гэта на камеру; забралі дакументы і зваротны квіток. Потым павезлі ў нейкую спартовую залу. Памятаю, там была шведская сценка. Мяне гразіліся павесіць на яе дагары нагамі. Да рукаў прывязалі гіры. У прыбіральню вадзілі, але не давалі ні піць, ні есці. А ўжо потым – да следчага», – распавядаў украінец на судзе.
  • Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.
  • Па версіі расейскіх спецслужбаў, 19-гадовы Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы. Украіна лічыць пераслед Грыба палітычным, а абвінавачванні сфабрыкаванымі.
  • Еўразвяз прызнаў, што ФСБ незаконна выкраў Паўла Грыба.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў