Павел Белавус пра спрэчкі вакол перапахавання Каліноўскага: «Разглядаем некалькі варыянтаў»


Дырэктар і заснавальнік Symbal.by Павел Белавус паставіў свой подпіс пад зваротам прадстаўнікоў інтэлігенцыі да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі, але лічыць, што і годнае пахаванне нацыянальнага герою ў Вільні будзе добрым варыянтам для беларусаў. Belsat.eu пагутарыў з дырэктарам і заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам, які стаяў ля вытокаў збору подпісаў за перапахаванне кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага.

Сотні дзеячаў беларускай культуры падпісалі зварот да літоўскіх уладаў, у якім просяць просяць перадаць парэшткі кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага для перапахавання ў Беларусі. Сярод падпісантаў – Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Радзім Гарэцкі, Зінаіда Бандарэнка, Алег Трусаў, Лявон Вольскі і г.д. Але шмат хто выступае і супраць перапахавання: напрыклад, Зянон Пазняк назваў гэтую ініцыятыву «неразумнай і антыкультурнай». Гарачыя дыскусія наконт таго, дзе мусяць быць пахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, не сціхаюць ужо некалькі дзён.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў…

Opublikowany przez Pavela Belavusa Wtorek, 24 września 2019

– У сваім допісу вы пісалі, што «мы атрымалі інфармацыю, што ўрад і дэпутаты Сейма Літвы зараз сур’ёзна абмяркоўваюць магчымасць сцэнара з перапахаваннем Кастуся Каліноўскага ў Беларусі». Да вас хтосьці з літоўскага боку звярнуўся асабіста?

– Да мяне асабіста не звярталіся. Звярталіся да Паўла Севярынца, Уладзіміра Мацкевіча, да беларусаў Літвы. Я проста ўвайшоў у тую ініцыятыўную групу, якая сфармавалася, каб больш аператыўна гэтае пытанне ўзняць у грамадстве. Фактычна мая задача была – тэхнічная арганізацыя і першапачатковы збор подпісаў.

Мы разглядаем некалькі варыянтаў. Першы варыянт – калі парэшткі Кастуся Каліноўскага пахаваюць у Вільні. Мы, як каманда якая займалася БНР-100 і БНР-101, гатовая ўдзельнічаць у перапахаванні ў Вільні і зрабіць усё магчымае, каб на пахаванне прыехала як мага больш беларусаў і гэта сапраўды стала важнай беларускай падзеяй. Каб і беларускі марш адбыўся, і канцэрт, і культурная праграма. Другі варыянт – пахаванне ўсё ж у Беларусі. Каб гэта адбылося ў Беларусі, вельмі шчыльна мусіць працаваць і грамадскасць, і ўлады. Мы працэдуру запусцілі, але тут працуе шмат фактараў – згода Літвы, жаданне Беларусі…

Павел Белавус. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Але асабіста вы выступаеце за тое, каб пахаваць Каліноўскага ў Беларусі?

– Я не супраць Вільні. Але калі гэта атрымаецца зрабіць у Беларусі, то гэта будзе неверагодная, беспрацэнтная, гістарычная падзея. І месца пахавання стане адным з самых важных, сакральных месцаў для будучай Беларусі.

– Калі хаваць у Беларусі, то дзе?

– Натуральна, калі хаваць у Беларусі, то гэта павінна быць годнае месца і з яскравым помнікам. Але пра гэта пакуль рана казаць, бо мы толькі на этапе грамадскага абмеркавання. Мы збіраем подпісы, мы чакаем адказы на звароты. Гэта доўгая і складаная гісторыя і цяжка сказаць, чым яна скончыцца. Але ў любым выпадку гэтая дыскусія спрацуе на тое, што больш людзей даведаліся наагул пра праблему, бо шмат хто проста не ведае, што знайшлі парэшткі Каліноўскага, што рыхтуецца перапахаванне і г.д. Галоўнае, што больш людзей даведаецца пра Каліноўскага, пра што ён казаў і за што змагаўся.

Павел Белавус. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Якія могуць быць прававыя асновы перадачы Каліноўскага з Літвы ў Беларусь? І каму перадаваць парэшткі, калі афіцыйны Менск не ўключаны ў ініцыятыву?

– Зразумела, што павінна быць сумесная праца МЗС Беларусі і Літвы. Мы не ведаем публічнай рэакцыі МЗС, не ведаем пазіцыі Лукашэнкі. А без Лукашэнкі наўрад ці МЗС агучыць сваю пазіцыю.

Павел Белавус. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

– Здаецца, фігура Каліноўскага мусіць аб’ядноўваць грамадства, але цяпер вакол пахавання парэшткаў разгарнулася вельмі жорсткая і бескампрамісная спрэчка. Замест таго, каб аб’яднацца, людзі перасварыліся…

– Для мяне гэта стала нечаканасцю. Калі мяне запрасілі ў гэтую ініцыятыўную групу, я не чакаў, што будзе шмат галасоў супраць. Для мяне гэта было дзівам, але ў кожнага свая пазіцыя. Галоўнае што Каліноўскі будзе годна пахаваны, не будзе ляжаць як сабака ў зямлі без імя і прозвішча. Абодва варыянта – будзе ён пахаваны ў Беларусі або ў Вільні – гэта добрыя варыянты. Беларусы ў любым выпадку не прайграюць.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў