Павел Белавус атрымаў прэмію імя Віктара Івашкевіча


Павел Белавус

Сёння, 27 ліпеня, Партыя БНФ уручыла памятны знак імя Віктара Івашкевіча – лаўрэатам стаў Павел Белавус. Імпрэза прайшла на пляцоўцы symbal.by у Менску.

Заснавальнік «Арт Сядзібы» и крамы symbal.by Павел Белавус атрымаў узнагароду за арганізацыю мітынга-канцэрту «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка 2018 году ў межах святкаванне сотай гадавіны абвяшчэння БНР.

«Натуральна, мне вельмі прыемна, але тое, што ўдалося правесці сёлета «Свята Незалежнасці» – гэта наша агульная заслуга. Таму прэмія – такая калектыўная ўзнагарода ўсім, хто спрычыніўся. Асаблівая падзяка Партыі БНФ і яе старшыні Рыгору Кастусёву, які дапамагаў у шматлікіх арганізацыйных пытаннях», – сказаў belsat.eu Белавус.

Ён падкрэсліў, што асаблівае значэнне для яго мае памятны знак менавіта імя Віктара Івашкевіча, які стаяў на чале многіх вулічных акцый у 90-я гады.

«Мы ўжо думаем над месцам і фарматам святкавання наступных угодак БНР. Шукаем партнёраў і спонсараў. Хочацца правесці свята як мінімум не горш, а нават лепей, чым летась. Формула ўдала свята для нас простая: максімальная колькасць удзельнікаў і мінімальная – затрыманняў», – падзяліўся планамі Павел Белавус.

Акрамя яго, у шорт-ліст намінантаў прэміі Івашкевіча ў гэтым годзе патрапілі: сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец – за арганізацыю Абароны Курапатаў і каардынацыю грамадскай варты пратэсту супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім»; «змагар і цясляр» Зміцер Дашкевіч – за акцыю «Ноч расстраляных паэтаў» 29 кастрычніка 2017 году ў Курапатах у памяць пра прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, забітых бальшавікамі; праваабаронца з Берасця Раман Кісляк – за серыю акцыяў у межах кампаніі супраць пабудовы пад Берасцем акумулятарнага заводe, што пагражае навакольнаму асяроддзю, а таксама сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Бярозаўкі (Лідчына) – за ўскладанне да помніка Леніну вянка з калючым дротам і надпісам «Гары ў пекле, кат».

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра выбітнага палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода была ўручаная ў пяты раз.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары