Паўтара і два гады зняволення пагражае 18-гадовым маладзёнам, якія распісалі «Рубяжы». Абодва прызналі сваю віну


21 студзеня 2021 года суд Кастрычніцкага раёну Менску працягнуў разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача, якія 6 верасня размалявалі фарбаю шчыты сістэмы «Рубеж» на маршы да Палацу незалежнасці.

Маладзёнаў вінавацяць паводле:

  • ч. 1 арт. 339 КК РБ («Зацятае хуліганства»);
  • арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
  • Сафія мае яшчэ арт. 368 КК РБ («Публічная абраза прэзідэнта»).

Працэс вядзе суддзя Вольга Няборская. Дзяржаўная абвінаваўца – Рудніцкая.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат

На пасяджэнні былі паказаныя фота- і відэаматэрыялы, узятыя з телеграм-каналаў і тэлефона Сафіі. Матэрыялы не былі адсартаваныя, трапляліся асабістыя здымкі затрыманай, таму дзяўчына часта ўдакладняла: «гэта не адносіцца да справы», «пераключыце, гэта таксама не адносіцца, тут я проста спяваю». Перыядычна суддзя ўдакладняла некаторыя моманты:

– Падвіноўная, вы пазнаяце сябе? Як можаце пракаментаваць відэа?

– Ну так, пазнаю. Усё гэта зрабіла я.

– Гэта вы з плакатам?

– Так.

– Што напісана?

– Нецэнзурная лексіка.

Далей пытанні задавала абвінавачанне.

– «Паважаныя грамадзяне, просьба разысціся». Вы што, не чулі гэтага? – удакладняе пракурор.

– Там яшчэ нешта пра дождж гаварылі. Ну так, не, не чула. Ніхто не падыходзіў і не прасіў сысці, – адказала Сафія.

– Асабіста да кожнага і не будуць падыходзіць, – адказала Рудніцкая.

Два дыскі са звесткамі былі пашкоджаныя і не чыталіся камп’ютарам, таму былі разгледжаныя астатнія матэрыялы. Пасля ў суд прыйшоў сведка – жаўнер часткі 3214, які ў той дзень бачыў падсудную.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат

«Яе цяжка было не заўважыць. Запомнілася сваймі паводзінамі: яна танчыла, выказвала непавагу да службоўцаў», – кажа ён пра дзяўчыну.

Сведка ўдакладняе, што «хлопец, хутчэй, хацеў узяць удзел у афарбоўванні шчытоў, але, паколькі адзін з іх павінен быў здымаць, ён здымаў».

– Вы чулі іхную размову? – пытае адвакат.

– Не, – адказаў сведка.

– То бок гэта вашыя здагадкі? – удакладняе абарона.

– Так, гэта мае здагадкі, – пацвярджае ён.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат

Са словаў сведкі, падсудная «адышла пасля надпісаў і стала танцаваць, паказваючы ўпэўненасць у тым, што ёй усё сыдзе з рук. Яны паводзілі сябе задзірліва, думалі, што згубяцца ў натоўпе [здагадкі сведкі. – Заўвага рэд.]. Мы ў сваю чаргу выйшлі наперад, каб паглядзець іх [надпісы. – Заўвага рэд.], пасля затрымалі хлопца. Дзяўчыну спачатку не затрымлівалі».

– Вы бачылі, як затрымліваюць хлопца? – удакладняе адвакат.

– Сам працэс затрымання хлопца не бачыў, у мяне не сорак вачэй, – зʼедліва адказаў сведка.

– Адкуль тады ведаеце, што хлопца затрымалі першым?

– Потым даведаўся, – коратка адказаў той.

Неўзабаве паседжанне скончылася, вынікі наступныя:

  • Абвінавачанне просіць Ціхану ды Сафіі 1,5 і 2 гады пазбаўлення волі адпаведна.
  • Абодва прызналі сваю віну.
  • Заўтра суд вынесе канчатковы прысуд.

Калі Ціхана ды Сафію міліцыя выводзіла з залы суда, блізкія крычалі ім, каб трымаліся, і што яны з імі.

Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат
Стужка навінаў