«Паўсюль абгарэлыя трупы коней, людзей, разбітыя машыны». 75 гадоў аперацыі «Багратыён»


Нямецкая тэхніка, знішчаная каля Бабруйска.
Фота: mil.ru

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з моманту аперацыі «Багратыён», у выніку якой Беларусь была вызваленая ад фашыстаў. Важнай часткай гэтай аперацыі стаў Бабруйскі кацёл. Пра тое, як усё гэта адбывалася, у сваіх успамінах распавёў ураджэнец вёскі Ганчароўка Бабруйскага раёну, вайсковец Віктар Балдзенка (1930-1994), якому ў 1944 годзе было 14 гадоў.

Успаміны публікуюцца ўпершыню з дазволу сваякоў.

Гэта быў шалёны ўчынак

«Асноўныя падзеі для нас разгуляліся з 23 па 27 чэрвеня 1944 года.

Раніцай 23 чэрвеня да нас у вёску зноў прыехала нейкая нямецкая частка, але ўжо праз паўгадзіны яны сабраліся і зʼехалі ў вёску Гарохава. А 24 чэрвеня, пасля абеду, мы пачулі здалёк стральбу і ўбачылі, як па шашэйнай дарозе з боку Магілёва на Бабруйск рухаецца калона танкаў. Тады мы яшчэ не ведалі, што гэта нашы танкі. <…>

Месцы, у якіх адбываліся апісаныя ва ўспамінах падзеі

Немцы з перапуду памчаліся на ўсход, да Рагачова і Жлобіна. Ад калоны танкістаў тры танкі накіраваліся да нашай вёскі. Мы, хлопцы, выбеглі іх сустракаць.

На танках былі па 3-4 салдаты-дэсантнікі. Яны нас спыталі, дзе немцы. Мы сказалі, што яны з перапуду пабеглі на Усход. Тады яны кажуць: «Сядайце, хлопцы, на танкі, мы іх зараз дагонім».

Гэта быў шалёны ўчынак. Наша шчасце, што немцы разгубіліся і не супраціўляліся, а іх душылі танкамі, расстрэльвалі з гармат, кулямётаў і аўтаматаў.

Гналі іх да вёскі Хімы. Уся дарога была ўсланая разбітымі машынамі, вазамі і трупамі немцаў. Затым камандзір загадаў вяртацца назад. Нас ссадзілі з танкаў у вёсцы, а самі зʼехалі да сваіх у вёску Ясны Лес ля шашэйнай дарогі, па якой усё рухаліся войскі на Бабруйск.

Мы апынуліся ў Бабруйскім катле

З 25 чэрвеня пачаліся цяжкія баі за Бабруйск. <…> Мы апынуліся ў Бабруйскім катле.

Трое сутак у вёсцы то былі нашыя, то немцы, якія прарываліся да ракі Бярэзіна на злучэнне са сваймі часткамі. Вось у гэтыя дні нас і выратавалі пабудаваныя бліндажы [бліндажы на тры-чатыры сям’і кожны былі збудаваныя ў зямлянках на агародах. – Заўв. belsat.eu] . Немцы лютавалі, не хацелася ім паміраць. Стралялі <…>старэйшых, кідалі ў дамы гранаты, падпальвалі хаты. Бацька, Валя і Мікалай (стрыечны брат) схаваліся ў патаемны склеп, і я ім ціхенька насіў ваду і ежу, і распавядаў, што вакол дзеецца. А дзеялася страшная карціна.

25 чэрвеня днём больш за 500 нашых бамбавікоў, штурмавікоў пачалі бамбіць навалы нямецкіх войскаў, якія абаранялі Бабруйск. Гэта было кашмарнае відовішча. На працягу 1,5 гадзін немцам на галовы сыпаліся бомбы розных калібраў, іх расстрэльвалі з гарматаў і кулямётаў, усё гарэла. Потым распавядалі, што многія немцы там зʼехалі з глузду, хто застаўся жывы. Большасць загінула.

А тыя, што падышлі з Усходу, накіраваліся ў лес да складоў са снарадамі і пачалі абстрэл шашэйнай дарогі. Тады нашы высунулі супраць лесу батарэю (6 штук) рэактыўных мінамётаў «Кацюша» і тэрмітнымі снарадамі пачалі абстрэльваць лес. Гэта было вельмі прыгожае відовішча. Мы назіралі, як ляцяць белыя распаленыя снарады. Лес загарэўся, пачалі выбухаць некаторыя капаніры са снарадамі. Немцы спрабавалі выбрацца з лесу ў поле, а тут іх з кулямётамі сустракалі нашы браневікі, знішчалі і гналі ў лес. <…>

Мама адразу страціла прытомнасць

Але нам прыйшлося яшчэ суткі сядзець у зямлянках, бо з усходу ўсё працягвалі наступаць немцы. Танкісты нашы ў асноўным біліся за г. Бабруйск, а шашэйную дарогу прыкрывалі ля Яснага Леса каля батальёна пяхоты з артылерыяй і браневікі. <…>

Канстанцін і Макрына Балдзенкі – бацькі Віктара. Фота з асабістага архіву

І вось, у ноч на 26 чэрвеня, немцы сабралі сілы і рушылі ў псіхічную атаку. Усе былі нападпітку і ішлі напралом, не лічачыся са стратамі. У Ясным Лесе завязаўся рукапашны бой. <…> І ўсё ж такі прарвацца немцам не ўдалося, а раніцай да нашых падаспела падмацаванне. Паколькі ў нашай вёсцы і ў іншых вёсках, проста на полі, было шмат немцаў, нашы пачалі абстрэл з гарматаў.

Загінула шмат немцаў, была спаленая амаль уся вёска, засталося адно некалькі дамоў. Тры снарады разарваліся і каля нашага бліндажа, пасыпалася на нас зямля, але паколькі бярвёны былі звязаныя трасамі, бліндаж ацалеў, не разваліўся. Усе, хто быў у бліндажы, вельмі напалохаліся і раўлі. Мы выглянулі з бліндажа, бачым: немцаў няма, а вёска гарыць.

Мы з мамай пабеглі ў наш дом, Соню пакінулі ў бліндажы. Хутка вызвалілі бацьку, Валю і Мікалая з патаемнага ходу. Яны перабеглі ў жыта, пасеянае на гародзе.

Мы з мамай справіліся вынесці з хаты нажную швейную машынку «Зінгер» і бацькаву куртку на футры, у якой у кішэні знаходзіліся грошы. Не ведаю, колькі, але быў пачак. Машынку пакінулі на агародзе, а куртку я хацеў забраць з сабой. І тут мы з мамай убачылі, што на тым баку вуліцы сядзіць у акопе немец з кулямётам, увесь закураны, страшны.

Мама адразу страціла прытомнасць. Чаму ён не стаў страляць, не ведаю, але мне ўжо было не да курткі. Я пачаў ратаваць маму і прыцягнуў яе бліндажа. Пасля выглянуў з бліндажу і ўбачыў, што дом наш ужо паваліўся, гарэлі і хлеў і ўсе пабудовы. У суседзяў таксама гарэлі хаты.

Ствалом кулямёта разбілі галаву

Так мы і сядзелі ў бліндажы, пакуль да нас не прыйшлі бацька, Валя і Мікалай і не сказалі, каб вылазілі. Немцаў у вёсцы ўжо не было, а былі нашы разведчыкі.

Што нам распавялі бацька і Валя. Да нас у двор зайшоў немец з кулямётам (можа, і той самы, якога мы потым бачылі), у хляве выбіў акенца і зрабіў засаду. А наш сабака (ён, чамусьці, вельмі не любіў немцаў) праз галаву зняў аброжак і цапнуў немца за нагу. Ён закрычаў і стрэліў у яго, параніў.

Ён [сабака. – Заўв. belsat.eu] скінуў сваю будку, адвярнуў дошку і задам палез у лаз да бацькі з Валяй і скуголіў. Яны ўсе справіліся падціснуць ногі, а немец яшчэ раз стрэліў і дабіў сабаку. Чаму ён не кінуў туды гранату, не стаў глядзець, што там, не ведаем. Мабыць, яму ўжо было не да гэтага, ды і сабака ўкусіў яго добра.

Да бацькі з Валяй і Мікалаем падышлі ў жыта двое нашых разведчыкаў, напалохалі іх – яны думалі, што гэта немцы. Нашы ім сказалі, што там сядзіць немец. І вось яны з двух бакоў вакол падпаленай хаты выскачылі на немца. Той разгубіўся і хацеў уцячы, але яны яго дагналі і ствалом кулямёта разбілі галаву да смерці. Потым ужо мы яго закапалі ў канаве, глыбей.

<…> Нам вельмі не цярпелася паглядзець, што засталося ад дома. Курткі ў агародзе не знайшлі. <…> А машынка засталася. Засталіся мы ў тым, у што былі апранутыя, ды яшчэ ў бліндажы ў вузле былі завязаныя пара падушак, прасціны і яшчэ нейкія анучы.

Забітых закопвалі ў полі глыбей

Мы з хлопцамі рушылі ў лес, вельмі хацелася паглядзець, што там нарабілі нашы «Кацюшы». Відовішча было страшнае: паўсюль абгарэлыя трупы коней, людзей, разбітыя машыны, калёсы. І раптам я ўбачыў пабіты воз, зачэплены за дрэва, і жывога каня, які заблытаўся і стаяў галавой да зямлі, заблытаўшыся ў пастромках. Я да яго падышоў, ён заржаў. Я пачаў яго гладзіць і разблытваць. Калі разблытаў, ён так узрадаваўся, што мяне лізнуў языком. Бакі ў яго ўваліліся, мабыць, ён так прастаяў каля двух сутак. Я адразу павёў яго дадому і, вядома, за яго ўсе ўзрадаваліся, а за тое, што хадзіў у лес, аблаялі.

Узнагародны ліст Канстанціна Балдзенкі.
Фота: pamyat-naroda.ru

<…> Назаўтра ўсіх мужчын пачалі прызываць у войска, проста ў вайсковыя часткі, якія надышлі, ваенкаматаў яшчэ не было. Забралі ў войска і майго бацьку. <…> Усе вельмі плакалі, развітваючыся з роднымі. Я ў лесе знайшоў дзве нямецкія шарыкавыя асадкі і нататнікі і падарыў іх бацьку і дзядзьку Сцяпану, каб пісалі лісты. <…> Пачалося для нас нялёгкае жыццё. Трэба было прыбіраць трупы немцаў, коней, боепрыпасы і г.д. А тут ужо трэба было касіць сена для коней, пачыналі паспяваць і азімае жыта, а потым ячмень і іншыя культуры. Вельмі шмат немцаў і коней было забіта ў лесе. Мы адрывалі вялікія равы і чаплялі за ногі немцаў вяроўкі і коньмі іх падцягвалі да рова, а затым скідалі ў роў. Гэтак жа паступалі і з забітымі коньмі, толькі іх закопвалі асобна. Тых, што былі забітыя на поле, там жа і закопвалі, хаваючы глыбей, каб можна было араць поле. Гэта была вельмі цяжкая праца, але яе трэба было зрабіць, бо было лета і трупы пачыналі гніць. Людзі баяліся эпідэміяў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў