Паўсотні беларусаў захраслі ў кіеўскім аэрапорце, бо не хацелі ляцець сапсаваным самалётам


Самалёт «Барыспаль – Хургада» з турыстамі на борце паднімаўся ў паветра з пасажырамі, але вярнуўся назад. Авіякампанія паабяцала яго адрамантаваць, але людзі патрабавалі падаць іншы борт. Усяго ляцець у Хургаду гэтым рэйсам павінныя 170 пасажыраў, 60 з іх – беларусы.

Першапачаткова рэйс на Хургаду быў прызначаны на 2-ую гадзіну ўночы 29 чэрвеня, але яго перанеслі на 6:00. Пасажыры прыбылі ў аэрапорт а 4-й раніцы. Пазней ім паведамілі, што рэйс пераносіцца на 11 раніцы і перавялі з залы чакання міжнародных рэйсаў у рэгіянальны. Людзям казалі, што пакуль няма самалёта і трэба проста чакаць.

Каля 12:00 пачалася рэгістрацыя, аднак самалёт вылецеў толькі а 16:10. Турфірма абяцала палёт на Boeing 737, а падалі McDonnell Douglas MD-83.

Паводле пасажыраў, самалёт стары, пафарбаваны толькі ўздоўж ілюмінатараў, унутры вельмі мала месца.

Праз паўгадзіны пасля ўзлёту капітан паведаміў аб вяртанні ў аэрапорт адпраўлення, не ўказаўшы прычыну. Відэазапіс вяртання апублікаваў карыстальнік Антон Кулакоў.

Адзін з пасажарыў, Сяргей, паведаміў парталу TUT.BY, што ў самалёта, магчыма, адмовіў правы рухавік, бо справа было відаць дым.

«Пры пасадцы ў дзіцяці пайшла носам кроў. У мяне так вушы заклала, што ўжо гадзіну як не чую. Спераду на крылах самалёта няма турбін, але адтуль ішоў дым. І цяпер прапануюць на гэтым самалёце ляцець у Егіпет, большая частка палёту праходзіць над морам, і ў выпадку чаго самалёт проста абрынецца ў ваду», – распавёў Сяргей.

Пасля прызямлення людзі выйшлі з самалёту і правялі каля 40 хвілінаў на пасадачным поле. Фота, зробленае адным з пасажырам, апублікаваў TUT.BY

Пасажырам паабяцалі, што самалёт падрамантуюць цягам гадзіны, але людзі абурыліся і папрасілі замяніць борт. Яны выклікалі міліцыю і напісалі калектыўную адмову ад палёту з-за няспраўнасці самалёта.

У кампаніі адзначылі, што няспраўнасць выправілі і самалёт гатовы да палёту, але людзі ўсцяж баяліся ляцець на пададзеным самалёце. Дакументы таксама забіраць не хацелі, каб не страціць грошы.

У авіякампаніі Bravo Airways, якая выконвала рэйс 2027, заявілі, што прычынай вяртання самалёта стала тэхнічная няспраўнасць і замена экіпажа, бо ён ужо выпрацаваў сваю норму. Фота, зробленае адным з пасажыраў, апублікаваў TUT.BY

Па словах Сяргея, толькі каля 10 чалавек са 170 маюць намер усё ж паляцець дадзеных рэйсам. Іншыя маюць намер пісаць скаргі. Тураператар змог дапамагчы толькі тым, што пасажыраў пакармілі.

«Белсат» паспрабаваў звязацца з Bravo Airlines, але тэлефоны кампаніі не адказваюць. Афіцыйная старонка фірмы падае, што расклады палётаў авіякампаніі змяніліся «праз невыкананне фінансавых абавязкаў тураператара Oasis».

«Авіякампанія Bravo Airways прыносіць прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці і прыкладае максімум намаганняў для аднаўлення ўзгодненага раскладу авіярэйсаў», – падае сайт перавозніка.

Да выканання раскладу палётаў Bravo Airlines абяцае вярнуцца не пазней панядзелка, 2 ліпеня 2018 года.

У інфармацыйнай службе барыспальскага аэрапорту «Белсату» паведамілі, што рэйс 2027 «Барыспаль – Хургада» прызямліўся ў месцы прызначэння а 4:57 раніцы. Іншай інфармацыі ў прадстаўнікоў аэрапорту не было.

Наш тэлеканал будзе сачыць за сітуацыяй.

ДД

Глядзі таксама
Каментары