Калі Другая сусветная пачалася для беларусаў


Выданне праграмы «Вот так» з сюжэтам пра «Берасцейскую пастаноўку»

Праз амаль два гады пасля пачатку Другой сусветнай, 22 чэрвеня 1941-га года вайна прыйшла і ў СССР. У савецкай гістарыяграфіі наступныя чатыры гады назвалі Вялікай Айчыннай вайною.

У Берасці пачатак вайны ўжо не першы год згадваюць з дапамогаю вось такіх рэканструкцыяў. Мерапрыемства атрымала назву «Апошні мірны дзень».

Як вядома з хронік і дакументаў, гісторыя Берасця ў Другой сусветнай вайне пачалася не з абароны Берасцейскай крэпасці. Цяперашнія жыхары гораду не пабачаць на вуліцах рэканструкцыі супольнага савецка-нямецкага параду, які адбыўся 22-га верасня 1939-га году, пасля ўварвання гітлераўскіх войскаў у Польшчу.

Вось што напісаў пра сённяшнюю берасцейскую рэканструкцыю шэф-рэдактар выдання «Наша ніва» Андрэй Дынько:

«Землякі з Брэста… Зладзьце і рэканструкцыю таго, як 22 чэрвеня разбегліся НКВДысты, ахоўнікі турмы… Зладзьце рэканструкцыю дэпартацый, якімі займаліся будучыя абаронцы, байцы канвойнага палка НКВД, што ў крэпасці размяшчаўся».

Андрэй Дынько называе такі падыход да гісторыі «паўпраўдаю на заказ». Для заходніх беларусаў вайна пачалася раней.

«Першыя загінулыя былі менавіта ўжо ад 1-га верасня 1939-га года і да 1941-га года, вы ведаеце, шмат хто трапіў у палон. І пасля 1941-га лёс гэтых хлопцаў па-рознаму склаўся», – кажа гісторык Кузьма Козак.

Але якія былі першыя дні пасля нападу Трэцяга райху на СССР? Шмат якія гісторыкі пагаджаюцца, што войска было не гатовае, а Сталін паслядоўна адмаўляў магчымасць нападу. Архіўныя справаздачы тагачасных военачальнікаў сёння ўпершыню апублікавала Міністэрства абароны Расеі.

«Нават у ноч на 22 чэрвеня я асабіста атрымаў загад ад начальніка штабу фронту Клёнава ў цалкам катэгарычнай форме – да світанку 22 чэрвеня адвесці войскі ад мяжы, вывесці з акопаў, што я катэгарычна адмовіўся рабіць, і войскі засталіся на пазіцыях. Увогуле адчувалася вялікая нервознасць, няўзгодненасць, няяснасць, страх «справакаваць» вайну», – узгадваў тыя падзеі генерал-лейтэнант Пётр Сабеннікаў.

Да метадаў вядзення той вайны Іосіфам Сталіным застаецца шмат пытанняў. Чалавечыя страты СССР, краіны-пераможцы, склалі амаль 42 млн асобаў вайскоўцаў і мірных жыхароў – такую лічбу сёлета агучыла расейская Дзяржаўная дума. Ахвяры Нямеччыны – 12 млн.

Адметна, што ў сённяшніх жыхароў Расеі, спадкаемніцы Савецкага Саюзу, ваенную палітыку Сталіна крытыкуюць усё менш. 20 гадоў таму менавіта жорсткасцю генералісімуса траціна апытаных расейцаў тлумачыла каласальную колькасць савецкіх ахвяраў. У 2017-м годзе – такіх людзей 12 %. Для Беларусі Другая сусветная вайна – гэта страта трох мільёнаў чалавек, кожнага трэцяга жыхара.

Вось што кажа пра вайну Кузьма Козак:

«Яна вынішчальная, яна агідная і на прыкладзе агіднай вайны можна ўсё ж такі будаваць і адукацыйныя праграмы і людзям паказваць, што вайна – гэта катастрофа».

Пытанне толькі, ці памяць пра разбуральную вайну мусіць ісці поруч з гларыфікацыяй мілітарызму?

Таццяна Рэўт

Стужка навінаў