Паўлюку Быкоўскаму і Ірыне Леўшынай выставілі абвінавачванні ў «справе БелТА»


Уласнаму карэспандэнту Deutsche Welle у Беларусі Паўлюку Быкоўскаму і галоўнай рэдактарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай Следчы камітэт афіцыйна прад’явіў абвінавачванні ў «несанкцыянаваным доступе да кампʼютарнай інфармацыі» (ч. 2 арт. 349 КК).

Ірыну Леўшыну выклікалі ў СК раніцай 8 лістапада – там яна правяла 2 гадзіны 45 хвілін. Сума пакрыцця шкоды, нібыта нанесенай дзяржаве складае больш за 12 тысяч рублёў. З Леўшынай таксама ўзялі падпіску аб нявыездзе.

Паўлюк Быкоўскі быў выкліканы на 15-ю гадзіну. Яму выставілі абвінавачванне па тым жа артыкуле, што і астатнім фігурантам «справы БелТА». Паводле падпіскі аб нявыездзе, журналіст не зможа пакідаць Менск, не папярэдзіўшы следчага.

Як распавёў Быкоўскі ў каментары belsat.eu, на допыце з ім паводзіліся карэктна, ніякага ціску не аказвалі. Усяго працэдура заняла амаль паўтары гадзіны. Сума пакрыцця, дадаў ён, складае «крыху больш за 4 тысячы рублёў».

8 лістапада выставілі абвінавачанне ў «справе БелТА» і рэдактарцы навінаў на партале TUT.BY Галіне Уласік, паведамляе БАЖ. Яна мусіць сплаціць каля 17 тысяч рублёў шкоды. Паводле словаў Уласік, абвінавачванні ўжо прад’яўленыя шасці асобам у іх рэдакцыі. Агулам у справе фігуравалі восем працаўнікоў TUT.BY.

Нагадаем, 6 лістапада СК выставіў аналагічнае абвінавачванне міжнароднай аглядальніцы БелаПАН Таццяне Каравянковай.

Усё, што трэба ведаць пра «справу БелТА»

  • «Справа БелТА» была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.
  • Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўных газетаў «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».
  • Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня.
  • Дзеянні галоўнага рэдактара Марына Золатава былі кваліфікаваныя Следчым камітэтам па ч. 2 арт. 425 КК Беларусі («бяздзейнасць службовай асобы»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 5 гадоў пазбаўлення волі.
  • Як мінімум 6 журналістаў TUT.BY, а таксама галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і карэспандэнтка агенцыі Тацяна Каравянкова на дадзены момант знаходзяцца ў статусе абвінавачаных. Ім забаронены выезд з Менску.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў