Паўла Севярынца сёння не вызвалілі з Акрэсціна – ён правёў за кратамі 1,5 месяца. СТРЫМ


Апазіцыйны палітык Павел Севярынец мусіў выйсці на свабоду з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Аднак а 18 гадзіне яго не выпусцілі. «Белсат» зладзіў стрым.

Павел Севярынец знаходзіўся за кратамі з 7 чэрвеня. З гэтага часу яму ўжо некалькі разоў дадавалі новыя адміністратыўныя арышты. 22 ліпеня палітык выходзіць на волю. А 16:00 «Белсат» зладзіць стрым. Глядзіце нас на антэне, YouTube і ў сацсетках.

Падчас суду 18 чэрвеня ён распавёў, што на наступны дзень пасля затрымання яго кінулі ў карцар: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метры, вельмі холадна. «Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наагул, яна адключаная. [Таму] мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было на «сутках», – заявіў ён. У знак пратэсту супраць катаванняў Севярынец парэзаў сабе руку.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Севярынца вязнем сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоваў. Праваабаронцы абвесцілі акцыю салідарнасці з беларускім палітыкам: заклікалі масава накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннем вызвалення Севярынца.

22 ліпеня сваякам Севярынца паведамілі, што сёння ён выйдзе на свабоду.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=2921417051302089&set=a.449093831867769&type=3&theater

18:00. Паўла Севярынца не вызвалілі.

17:52. Людзі пакрысе разыходзяцца. Паўла так і не выпусцілі. Вольга не ведае, чаму так адбылося.

«Можа быць яны вызваляць яго пазней або ноччу, як яны могуць гэта зрабіць. Спадзяемся», – кажа Вольга.

Яна плануе чакаць мужа да самой раніцы. Калі яго не вызваляць, то будзе чакаць яшчэ 15 дзён.

17:44. З ЦІП выехаў міліцэйскі бус. Магчыма, там знаходзіцца Павел Севярынец.

17:37. З брамы ЦІП выехаў жоўты аўтобус, але Паўла Севярынца там не было. Вольга па-ранейшаму чакае на Паўла.

17:11. Вольга Севярынец плануе прабыць пад ЦІП яшчэ паўгадзіны. Аніякіх новых звестак аб месцазнаходжанні мужа ёй не далі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

16:58. Паўла ўсё яшчэ не выпусцілі. Людзі чакаюць палітыка пад ЦІП ужо цягам гадзіны.

16:48. Вольга Севярынец кажа, што ейнае жыццё быццам запаволілася. Адзіная мэта – дачакацца мужа і зрабіць усё магчымае для ягонага вяртання. Кажа, што вельмі шмат дапамагалі іншыя людзі – і гэта натхняе.

16:39. Матуля палітыка Таццяна Севярынец кажа, што яна шакаваная такім абыходжаннем.

«Як так можна здзекавацца над чалавекам, як яго можна давесці да адчаю, каб ён рабіў сабе шкоду? Але не каб забіць сябе, а на знак пратэсту», – кажа яна.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

16:33. У жонкі няма аніякай інфармацыі, што да вызвалення Паўла. Вольга пачынае пераконвацца, што яго ўсё-ткі не выпусцяць.

«Гэта хіба быў нейкі фэйк. Ён адседзеў 45 содняў, а яму далі 105 дзён агулам. Да выбараў занадта мала часу, каб яго выпускаць», – кажа яна.

16:22. Вольга Севярынец спрабавала датэлефанавацца да прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму, аднак там ёй аніхто не адказаў.

Вольга Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

16:18.Сустрэць Паўла прыйшла жонка іншага палітзняволенага Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч. Яна кажа, што ад мужа яна не атрымлівае лістоў. Кажа, што ў СІЗА ўмовы ўтрымання значна лепшыя за ЦІП.

16:13. Сярод тых, хто прыйшоў сустрэць Севярынца – беларускі пісьменнік і былы кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў. Ён кажа, што перажывае за стан Паўла і не вельмі разумее, чаму яго выпускаюць менавіта зараз.

«Я ў іхную міласэрнасць не веру, а тым болей у міласэрнасць тых, хто імі камандуе. Тут задуманая нейкая шматхадоўка», – кажа Някляеў.

Уладзімір Някляеў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

16:10. Жонцы Паўла Вользе Севярынец інфармацыю не даюць. Яна перажывае, што матулі далі непраўдзівую інфармацыю, і яна разам з некалькімі дзясяткамі людзей дарэмна прыйшла яго сустракаць.

«Раніцай патэлефанавала матуля і ён дзяжурны сказаў, што праз некалькі гадзінаў яго вызваляюць. Потым гэтую ж інфармацыю пацвердзілі і мне, што яго сёння мусяць вызваліць па сканчэнні тэрміну. Цяпер іншы дзяжурны сказаў, што такую інфармацыю не дае і параіў звярнуцца ў прэс-службу ГУУС», – кажа Вольга.

Вольга Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паўла Севярынца затрымалі а 16:15. Аднак палітыка звычайна выпускалі не з будынку ЦІП, а з іншых месцаў у горадзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў