Паўднёвая Карэя заменіць частку жаўнераў робатамі


Міністэрства нацыянальнай абароны Паўднёвай Карэі мае намер з 2024 года распачаць фармаванне змешаных падраздзяленняў, у склад якіх будуць уваходзіць людзі і робаты. Пра гэта заявіў міністр абароны краіны Сон Ён Му (Song Young-moo), паведамляе «Defense Aerospace».

Паўднёвая Карэя цяпер перажывае дэмаграфічны крызіс. Паводле прагнозу ААН, да 2050 году насельніцтва краіны скараціцца з 50 да 40 мільёнаў чалавек і да 20 мільёнаў у 2100 годзе.

Паводле карэйскіх вайскоўцаў, фармаванне змешаных падраздзяленняў з робатаў і людзей дазволіць падтрымаць баявую моц узброеных сілаў на фоне скарачэння нараджальнасці і зніжэння колькасці насельніцтва.

Міністэрства нацыянальнай абароны Паўднёвай Карэі зладзіла даследаванне, па выніках якога прыйшло да высновы, што выкарыстанне толькі робатаў-разведчыкаў дазволіць замяніць у войску ад 500 да 600 чалавек.

Наземныя, падводныя, надводныя робаты, лятальныя апараты, робаты-сапёры і некаторыя баявыя аўтаномныя сістэмы – могуць эфектыўна выкарыстоўвацца ва ўсіх відах узброеных сілаў, піша «Defense Aerospace».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары