Пацыентка магілёўскага скурвену: «Была кантактам 1-га ўзроўню, каронавірусам заразілася ў шпіталі»


Магілёўская інфекцыйная больніца. Фота «Белсат»

У шпіталь магіляўчанка Ірына Барылава спачатку трапіла як кантакт 1-га ўзроўню, калі ў аднагрупніцы выявілі COVID-19. Дзяўчына тыдзень праляжала ў шпіталі, і ў выніку атрымала станоўчы вынік тэсту на каронавірус.

«Не адамкняце дзвярэй – паведамім куды трэба»

Ірына Барылава жыве ў Магілёве і вучыцца ў магістратуры Беларуска-расейскага ўніверсітэту. Увечары 7 красавіка яна даведалася, што ў ейнай аднакурсніцы пацвердзіўся каронавірус. Тая дзяўчына падчапіла яго ад таты, які быў у кепскім стане з пнеўманіяй.

На наступны дзень Ірыне пачалі тэлефанаваць з санстанцыі ды папярэджваць аб абавязковай шпіталізацыі.

«Я запыталася: калі я адмоўлюся, то што са мной будзе? Мне сказалі, што ў такім выпадку паведамяць у кампетэнтныя органы. Маўляў, я мушу ім адамкнуць дзверы, бо інакш усё будзе гвалтоўна», – прыгадвае Ірына.

Спачатку дзяўчыну шпіталізавалі ў магілёўскі скурна-венералагічны дыспансер – цяпер яго часткова перарабілі ў аддзяленне для першых кантактаў і бессімптомных хворых на COVID-19. У першы ж дзень шпіталізацыі, 8 красавіка, у яе ўзялі аналіз на каронавірус. Вынікаў ёй давялося чакаць пару дзён.

Ірына Барылава

«Так дзіўна: станоўчыя вынікі абвяшчалі раней за адмоўныя! Маўляў, станоўчыя аналізы робяцца хутчэй. Ну як так можа быць? – абураецца дзяўчына. – Толькі калі мае блізкія пачалі абрываць тэлефоны, аналіз раптам знайшлі ў пятніцу ўвечары».

Тады ж высветлілася, што ў яе суседзяў у боксе два станоўчыя вынікі тэстаў на COVID-19. Кантакты Ірыны абнуліліся, давялося рабіць паўторны тэст.

«Уяўляеце, у нас там не было нармальнага душу, мне хацелася памыцца. Я пачала прасіцца дадому, абяцала, што забяспечу самаізаляцыю. Мне казалі: трэба крыху патрываць», – гаворыць яна.

Станоўчы аналіз – і аніякага лекавання

У нядзелю 12 красавіка станоўчы аналіз прыйшоў яшчэ ад адной суседкі па боксе. Ізноў гісторыя паўтараецца – кантакты абнуліліся, трэба рабіць тэст наноў. А 8-й раніцы ў аўторак 14 красавіка Ірыне патэлефанавалі ды паведамілі, што ў яе пацвердзілася каронавірусная інфекцыя.

«Я зноў адразу патэлефанавала ў розныя інстанцыі, пытала ў доктара: чаму мяне не могуць адправіць дадому на самаізаляцыю? Хвароба ж у мяне бессімптомная. І цяпер ёсць пастанова Мінздароўя, што бессімптомныя хворыя могуць паехаць дадому», – наракае яна.

Пацверджаны дыягназ COVID-19

Але ёй зноў адмовілі: на хуткай перавезлі ў іншы шпіталь, дзе Ірына і застаецца цяпер. Яна спадзяецца, што ў хуткім часе тэст пакажа адмоўны вынік. Асаблівых сімптомаў хваробы яна не мае, аніякіх лекаў не атрымлівае. Самая высокая тэмпература, што ў яе была, – 36,8.

«Чакаю, пакуль перахварэю», – сумна кажа яна.

Лекар скурвену: «Мы нікога не ўтрымлівалі»

Лекар Магілёўскага скурвендыспансеру Аляксандр Адаскевіч пракаментаваў Belsat.eu сітуацыю Ірыны Барылавай:

«Мы шпіталізуем і наглядаем пацыентаў згодна з пастановаю Міністэрства аховы здароўя. Кантакты першага ўзроўню маюць знаходзіцца ў нас у выпадку, калі сярод сваякоў «кантактаў» ёсць людзі сталага веку, якім больш чым 60 гадоў, ці калі ў кватэры неадпаведны для ўтрымання дыстанцыі метраж. Пацыенты знаходзяцца ў нас і робяць два аналізы на COVID-19 – у першы і ў сёмы дзень. Няма віруса – ідуць дадому. Нікога мы ніколі не затрымліваем з адмоўнымі вынікамі аналізаў».

Гэта тлумачыць, чаму Ірына правяла тыдзень у палаце скурвену.

«Калі тэст станоўчы, то пераводзім у інфекцыйнае аддзяленне. Гэта ўжо не ў нас. У яе быў станоўчы – перавялі. А тое, што пацыентка выклала на Інстаграм – гэта ейныя выдумкі наконт таго, як выглядае сітуацыя», – дадаў з усмешкаю на вуснах Аляксандр Адаскевіч і пажадаў нам найлепш не хварэць, а калі хварэем – берагчы сваіх блізкіх.

Вокны не адчыняюцца, кепскія ложкі, адна прыбіральня на аддзяленне

На ўмовы ў скурна-венералагічным дыспансеры Ірына не наракае: у боксе быў туалет, умывальнік, лядоўня, мэбля была добрая і харчаванне – смачнае. У новым жа шпіталі – інакш: вокны не адчыняюцца, старыя ложкі, адзін туалет і душ на ўсё аддзяленне.

Краявід з палаты, у якой ляжыць Ірына

«У нас нават антысептыкаў няма! Кажуць, што мы і так ужо заражаныя – нам яны болей не патрэбныя», – злуецца дзяўчына.

Дзяўчына паўтараецца, што згодна з пастановаю профільнага міністэрства, яна можа лячыцца ў самаізаляцыі, якую можа сабе забяспечыць.

«Каронавірус – не падстава для дзяржавы парушаць правы чалавека»

У спробах атрымаць дапамогу Ірына тэлефанавала ў мясцовую санстанцыю, аддзяленне Міністэрства здароўя Магілёўскай вобласці і нават у дзяржаўны кантроль. У выніку яна знайшла нумар гарачай лініі Офісу правоў людзей з інваліднасцю – адзінага месца, дзе Ірыне не адмовілі ў падтрыманні.

Разам з юрыстам арганізацыі Алегам Граблеўскім яна накіравала скаргу ў Мінздароўя. У ёй Ірына адзначае, што ёй не давалі азнаёміцца з вынікамі аналізаў, не адпраўляюць на самаізаляцыю. Калі яна спрабавала звязацца са спецыялістамі і распавесці пра сваю сітуацыю, яе пастаянна пераключалі з аднаго тэлефона на іншы, і дапамогі не далі. Таксама Ірына звяртае ўвагу, што яна нават не ведае, хто яе лекуе: доктарка не называла свайго імя і насіла адмысловы касцюм.

Пасля скаргі ў Міністэрства здароўя яна плануе пісаць звароты да Генеральнай пракуратуры.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў