Пацярпелыя ў ДТЗ у Карпатах беларускія турысты застаюцца ў шпіталі


Некалькі пацярпелых у ДТЗ у Карпатах беларускіх турыстаў застаюцца ў Верхавінскай цэнтральнай лякарні ў Івана-Франкоўскай вобласці. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканалу СТВ са спасылкай на амбасаду Беларусі ва Украіне.

«Амбасада працягвае ўзаемадзейнічаць з кампетэнтнымі органамі Украіны і Беларусі ў сувязі з тым, што адбылося ДТЗ. Целы трох загінулых грамадзянаў дастаўленыя ў Беларусь у ноч з 8 на 9 траўня. Пацярпелым, якія знаходзяцца ў шпіталі ў Івана-Франкоўскай вобласці, а таксама іх сваякам аказваецца неабходнае садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў, якія ўзнікаюць», – паведаміў першы сакратар амбасады Беларусі ва Украіне Глеб Краснеўскі.

Турыстычны паход, падчас якога здарылася ДТЗ, не быў аформлены юрыдычна. Некаторыя ўдзельнікі групы не мелі медычных страховак.

Аварыя адбылася 6 траўня ў 11.43 у раёне вёскі Красьнік Верхавінскага раёну Івана-Франкоўскай вобласці. Беларускія турысты планавалі сплаў па рацэ. На грузавым аўтамабілі яны накіроўваліся да стартавай кропкі маршруту. Аўтамабіль падчас руху зваліўся ў абрыў з вышыні 40 м. Трое беларусаў загінулі, дзесяць з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў