Пацукі, блыхі, шумныя суседзі. Вывучаем падводныя камяні пры куплі сталінкі

Фото: ТК / Belsat.eu

Сталінкі – тып жытла, пра які шмат хто марыць. Дамы з зялёнымі дварамі, нізкашчыльная забудова, кватэры з не маленькімі кухнямі, столі вышынёй у 3 метра. Новабудоўляў з такімі характарыстыкамі да гэтага часу – па пальцах пералічыць. А ў сталінцы, асабліва тых, што размяшчаюцца ў Заводскім раёне, яшчэ і кошт адносна даступны.

Як у любым савецкім жытле, у сталінак таксама ёсць праблемы. Калі вырашыцеся на закуп сталінкі мары, трэба ўлічыць некалькі відавочных і не зусім відавочных момантаў.

Фото: pixabay.com

У большасці сталінак няма ліфта

Падняцца на пяты паверх у сталінцы – гэта як падняцца на 6-7-й у хрушчоўцы. Маладым і здаровым – суцэльная карысць і бясплатны фітнес. А вось аслабленым людзям і мамам з каляскамі – праблема. У большасці сталінак няма парадных, няма кладовак у падвалах, няма дзе калыску пакінуць. І так, агульных месцаў для захоўвання ровараў таксама няма.

Тут дарагія вокны

Шкленне тым менш стандартнае, чым багацейшы фасад. Калі вокны выходзяць на вуліцу, прыйдзецца ставіць падобныя на гістарычныя па колеры і канструкцыі. Тое ж самае з дзвярыма ад гаўбца. Менш прэтэнзій да вокнаў, якія глядзяць на двор. Гістарычна склалася, што двары гарадскія ўлады і раённыя архітэктары лічаць тэрыторыяй жыхароў, якая не абавязаная быць узорнай.

SONY DSC

Дом не бачыў капрамонту

Так, такія сталінкі таксама ёсць. Там пацячы і прадзіравіцца можа ўсё. Плюс праблемы з праводкай – яна старэнькая, і на цяперашняе энергаспажыванне не разлічана. Капрамонт калі-небудзь будзе, але да гэтага моманту няма сэнсу рабіць прыстойны рамонт у самой кватэры. Замена стаякоў знішчае санвузлы. А раскрыты перад дажджом дах (дзіўна, але рэдка бывае, што дах знялі, а дождж не пайшоў) забяспечвае затапленне практычна ўсяго пад’езда.

Дамы з драўлянымі перакрыццямі – рэдкасць, але ўсё ж яшчэ існуюць. Такія рамантуюць з адсяленнем – гэта таксама варта мець на ўвазе.

 

Меркаванні
Не жыццё, а барацьба. У Беларусі няма абароны добрасумленнага пакупніка жытла
2020.06.18 14:20

Дах і пасля капрамонту можа цекчы

Памятаецца, адзін час жыхары сталінак каля вакзалу рэгулярна скардзіліся – як не лівень, дык патоп. Замена даху дома па Кірава, 2 (таго, што прымыкае да брамы Менску) не выратавала – першапачаткова нешта не так было з яе канструкцыяй. Калі купляеце, глядзіце на столь. Тапіць могуць не толькі дажджы, але і суседзі. Прычым апошнія хутчэй за ўсё нават не вінаватыя – калі праблема ў трубах у сцяне.

Першай вашай пакупкай будзе драбінка

Кошт высокіх столяў – без драбінкі ні лямпачку памяняць, ні шторкі зняць-павесіць.

Фото: ТК / Belsat.eu

Не ўсе сталінкі цёплыя

Гэта дзіўна, бо сцены – таўшчэзныя. Але чамусьці некаторыя сталінкі – халодныя, асабліва ў міжсезонне. Таму агледзіце дом перад купляй – калі ён у латках, значыць, народ уцяпляецца, магчыма, прыйдзецца аплаціць вонкавае ўцяпленне і вашай кватэры.

І варта памятаць: батарэі тут не рэгулююцца. Колькі дасць ЖЭС цяпла, столькі і аплаціце.

 

Меркаванні
Квэст у крызіс – прадаць маленькую кватэру і набыць кватэру пабольш
2020.05.07 12:07

У сталінках шмат пасутачных кватэр і дзіўных суседзяў

Асабліва калі гэтыя сталінкі ў цэнтры. Спадчыннікі прадаюць кватэры бацькоў, каб купіць нешта большае ( з добрым рамонтам), хай і ад цэнтра далей. І кватэры тут адзін час актыўна куплялі тыя, хто займаецца пасутачнай здачай. Пакуль пандэмія, арэнднае жыллё практычна не запатрабаванае, але пасля ў вас могуць кожны дзень быць новыя суседзі.

Як бы не хвалілі гукаізаляцыю ў дамах сталінскай эпохі, калі за сцяной (або зверху) – вечарынка падлеткаў ці оргія, вы не зможаце гэтага не чуць.

У прынцыпе, з суседзямі ў большасці сталінак могуць быць праблемы. Суседкай зверху можа апынуцца бабулька, якая па звычцы і дзеля забавы будзе пісаць на вас скаргі і даносы. Або дама, якая калекцыянуе вулічных катоў. Суседам знізу – алкаголік, які можа заснуць з цыгарэтай. Дакладна не будуць дастаўляць праблем толькі тыя, хто купіў суседнюю кватэру гэтак жа, як вы – для жыцця. Таму перад купляй кватэры абавязкова варта абыйсці суседзяў і высветліць, з кім вам жыць. Заадно старажылы раскажуць і перадгісторыю вашай будучай нерухомасці. Мала лі, можа, хтосьці з папярэдніх уладальнікаў быў выселены ашуканцамі ў вёску і ад куплі наагул варта адмовіцца.

Вызначыцеся, ці будзе ў вас парковачнае месца

У большасці кварталаў сталінскай забудовы, размешчаных у цэнтры, ужо шлагбаумы або знакі «паркоўка толькі для жыхароў». Але – не ўсюды. У любым выпадку варта паглядзець, як загружаны двор вечарамі. І ацаніць, колькі будзеце марнаваць нервы на пошук месца для машыны.

Меркаванні
У Менску праз пандэмію арэндных кватэр стала больш, чым арандатараў
2020.05.28 09:00

Элітным дамах – элітныя блыхі

Гэта рэальная загадка – але некаторыя жыхары сталінак скардзяцца, што ў падвале разводзяцца блыхі. Як часта сутыкаюцца з гэтай навалай, раскажуць жыхары першых паверхаў. А яшчэ распавядуць, ці бачылі яны тут пацукоў – яны таксама часам сустракаюцца ў падвалах старых дамоў.

Грамадскае харчаванне на першых паверхах

Шмат кватэр у цэнтры, з тых, што выстаўлены на продаж, – на другіх паверхах, як раз над кафэ, рэстаранамі, крамамі. Трэба разумець – папярэднія ўладальнікі, хутчэй за ўсё, эвакуююцца. Ад пахаў, гулу і вібрацыі, ляманту наведнікаў і цыгарэтнага дыму над ганкам. І варта некалькі разоў падумаць, ці патрэбна вам такая кватэра.

Мабыць, гэта і ўсе падводныя камяні сталінак. Але тыя, хто зрабіў правільны выбар правільнай сталінкі, і жыве ў кватэры з высокімі столямі, з вокнамі ў двор, з выглядам на старыя ліпы, скажуць: толькі сталінка. Усё астатняе – не жыллё.

Чытайце іншыя артыкулы аўтара:

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў