«Патрабуем неадкладна зафарбаваць мянчанку Анастасію Ерамееву»!


На сайце change.org зʼявілася петыцыя – адказ на прапанову знішчыць графіці «Urban Myths».

Два тыдні таму жыхарка Менску Анастасія Ерамеева стварыла онлайн-петыцыю, у якой прапаноўвае прыпыніць арт-праект «Urban Myths» і зафарбаваць маштабныя графіці на шматпавярховіках.

«Нельга прымусіць любіць мастацтва. Сацыялістычны рэалізм насаджаў ідэалы і таму адышоў у нябыт. Час прайшоў, а сітуацыя паўтараецца… Менавіта гэтым і незадаволеныя жыхары вуліцы Варанянскага. Са сцяны панэльнага дому ў іхныя вокны глядзіць злавесны перакрэслены чалавек.

Востраканечны капюшон, замест твару – цемра, а на плячах гарыць панылая свечка… Першая думка – за спачын. Вось такім бачыць твар беларуса мастак-грэк, які намаляваў гэтага дзіўнага чалавека», – піша ў сваёй петыцыі мянчанка.

У адказ на ейную петыцыю, якая сабрала каля 140 подпісаў, зʼявілася альтэрнатыўная – «Патрабуем неадкладна зафарбаваць мянчанку Анастасію Ерамееву». Петыцыя-адказ сабрала каля 700 прыхільнікаў.

Яе аўтар Максім Осіпаў мяркуе, што Анастасія Ерамеева «ганьбіць горад Менск і Беларусь у цэлым, абражае пачуцці неабыякавых да гораду людзей, выклікае дэпрэсію і падрывае веру ў найлепшыя якасці беларускага народу, правакуе негатыў і халівар у інтэрнэт-прасторы

Просім зафарбаваць Анастасію Ерамееву якаснай фарбай жыццесцвярджальных колераў», – гаворыцца ў петыцыі Максіма Осіпава.

Праект «Urban Myths» фінансуецца IT-кампаніяй «Vizor Interactive». Ідэя стварэння графіці належыць Алегу Ларычаву, стваральніку і каардынатару стрыт-арт праекту «Signal». Праект працягнецца ўвесну, калі ў сталіцу Беларусі прыедуць мастакі з Польшчы, Нарвегіі і Бразіліі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў