Пракуратура адмовілася даваць інфармацыю аб катаваннях на Акрэсціна


Пракуратура Менску адмовілася даць справаздачу аб праведзенай працы ў сувязі з катаваннямі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятарах часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Пра гэта паведамляе прэс-служба «Прававой ініцыятывы».

Запыт з боку праваабаронцаў быў накіраваны ў пракуратуру напрыканцы верасня.

Фота: http://www.legin.by/

У адказе за подпісам намесніка пракурора Менску Казіміра Кежуна гаворыцца: «Звесткі, якія вас цікавяць, з’яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання. Патрабаванні, выкладзеныя ў звароце, задавальненню не падлягаюць».

«Паводле закону аб пракуратуры, пракурорскі работнік дзейнічае галосна і адкрыта. Такім чынам, у выпадку наяўнасці адпаведнага грамадскага запыту мусяць даць звесткі. Спроба схаваць інфармацыю кажа толькі аб адным: пракуратура не зрабіла нічога», – лічыць кіраўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава.

26 жніўня была створаная міжведамасная камісія для вывучэння зваротаў грамадзянаў, якія заявілі, што іх збівалі супрацоўнікі міліцыі. Публічных паведамленняў аб працы камісіі да гэтага часу не было. З заявамі аб гвалце з боку сілавікоў у праваахоўныя органы звярнуліся больш за 1000 чалавек.

АА belsat.eu

Стужка навінаў