Патаемныя сэнсы калядных традыцыяў


Калі надыходзяць калядныя святы, мы зацята клапоцімся, каб правільна накрыць святочны стол, упрыгожыць елку, накупіць падарункаў. Аднак чым жа гэтыя святы былі для нашых продкаў у дахрысціянскія часы? Разам з гісторыкам і этнолагам Ірынай Чарнякевіч мы паспрабуем разабрацца ў гэтым пытанні.

Этнолаг Ірына Чарнякевіч

Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца наконт паходжання слова «Каляды», «Каляда». Паводле адной з версіяў, слова мае замежнае паходжанне ад лацінскага сalendae – «першы дзень месяца». Па другой «Каляда» сама ўвасабляе дахрысціянскае бажаство: «Ехала Каляда на ляду, рассыпала каляду».

Калядой таксама называлі ахвярную свінню, якую забівалі на святы. На сённяшні момант прынята лічыць, што Каляды – гэта не назва канкрэтнага дня, а святочны час, які мы звязваем з Божым Раством.

Раство дахрысціянскае

У мінулыя часы Каляды таксама звязвалі з Божым Раством, вось толькі нараджалася новае сонца. І сапраўды, з гэтага часу павялічваўся дзень, сонца ўсё вышэй падымалася над даляглядам, што набліжала вясенняе цяпло і адраджэнне зямной прыроды. Некаторыя даследчыкі суадносяць гэты перыяд у прыродзе з нараджэннем божыча, або Дажбога, нават называюць яго бацькоў Пярун і Грамавіца. Упершыню ў летапісах калядныя абрады ўзгадваюцца як «бесаўскія ігрышчы», аднак, нягледзячы на гэта, паганскія традыцыі добра захаваліся да сёння, змяніўшы свой першапачатковы сэнс.

«У гэты час чалавек мусіў сябе паводзіць вельмі асцярожна і прытрымлівацца рытуалу. Гэта нараджэнне новага парадку. Яго арганізуюць боствы разам з чалавекам. Чалавек толькі ўдзельнічае ў арганізацыі гэтага парадку. Але гэтая арганізацыя мусіць быць такая, як і была, таму рытуал не сцерпіць ніякай навацыі. У ім усё распісана. Нават калі чалавек не разумее сэнсу таго, што робіць, ён мусіць так рабіць, таму што так патрэбна для аднаўлення таго парадку, які існаваў і існаваць павінен. Інакш – нешта пойдзе не так. Інакш – парадак у свеце сфармуецца так, што не будзе вядома да чаго гэта прывядзе», – тлумачыць Ірына Чарнякевіч.

Утварэнне сакральнай прасторы

У Беларусі паводле афіцыйнага календара ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Рыхтаваліся да святаў загадзя. Мыліся ў лазні. Усё чысцілі, прыбіралі, бо не можна было нічога рабіць. Крупы таўклі на два тыдні, каб хапіла і каб гэтага не рабіць у гэты святочны час. Нельга было займацца ніякай працай, асабліва з прыходам ночы. Уся вёска ставалася сакральнай прасторай.

«У міфалагічнай сістэме беларусаў, Каляды – гэта час сутыкнення свету людзей з тагасветам. Гэта сакральны час, калі парушаецца звычайны ход рэчаў, звычайная праца чалавека, звычайны яго распарадак. Гэты час лічыцца вельмі небяспечным. Пры чым, не толькі тагасвет уздзейнічае на чалавека, але і чалавек уздзейнічае на тагасвет, дапамагаючы яму аднаўляцца, дапамагаючы аднаўляцца парадку», – распавядае даследніца.

Сакральнай прасторай станавіўся таксама стол з адмысловымі поснымі стравамі. Пад абрус клалі сена або салому. Гэтае сена аддавалі потым скаціне з раніцы. Напрыклад, у Лідскім раёне ў вёсцы Дакудава зафіксавана такая думка, што гэтае сена лічылася нячыстым. Яго скаціне не давалі, бо зубы павыпадаюць. А падсцілалі свінні на падсцёл.

Куцця

У калядны перыяд практыкаваліся 3 святыя вячэры – куцці: посная, багатая і вадзяная. Сама куцця – гэта каша з ячных круп, часта з цэльных зярнят пярлоўкі, якую таксама часам трактуюць, як сімвал жыцця. Першая куцця – посная, напярэдадні Раства. Да куцці рыхтаваліся з самага ранку. Варылі яе з раніцы і ставілі на покуці, ажно пакуль сонца не зойдзе. Страў таксама рыхтавалася розная колькасць, часцей за ўсё няцотная колькасць, мінімум 3. Але магло быць і 5, 7, 9. У каталікоў дагэтуль практыкуецца звычай ставіць на стол адну пустую талерку для маленькага народжанага Езуса. Аднак гэты звычай практыкаваўся яшчэ з дахрысціянскіх часоў.

«Такім чынам ушаноўваліся продкі, якія былі ў выраі, але пры гэтым іх мудрасць магла ўплываць і на жыццё жывых людзей. Увогуле ва ўсіх традыцыях славянскага свету адкладвалі пэўныя стравы, а ў першую чаргу куццю, для дзядоў. У некаторых мясцовасцях успаміналі кожнага продка, якога помніла сям’я. І гэта магло зацягнуцца вельмі надоўга. Гэта залежала ад таго, колькі сям’я памятае сваіх продкаў. Гэта было вельмі важна», – тлумачыць спадарыня Ірына.

Татэмныя калядоўшчыкі

Пасля першай куцці, вечарам, пачыналі хадзіць калядоўшчыкі з абрадамі слаўлення і добрых зычэнняў гаспадарам і членам іх семʼяў. 3 незапамятных часоў хаджэннем калядоўшчыкаў і абыходам імі гаспадарчых падворʼяў у народзе надаецца магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі нашы продкі, можна заручыцца падтрыманнем багоў на ўвесь будучы год. Калядоўшчыкі як бы выконвалі функцыянальную ролю пасярэднікаў паміж Богам і чалавекам. Калядоўшчыкаў чакалі, каб аддзячыць і адарыць. Калі хату абміналі, гэта лічылася дрэннай прыкметай.

Калядоўшчыкі пераапраналіся ў розныя постаці: мядзведзя, бусла, сароку, потым з’явіліся цыгане, жаўнеры, часам нейкая пошасць, на што хапала фантазіі. «Гэтыя пераапранутыя персанажы былі ўвасабленнем тых чужых на стыку з тагасветам, якія прыйшлі зладзіць новы парадак разам з людзьмі», – каментуе этнолаг. Па адной з версіяў, гэта таксама маглі быць увасабленні татэмных жывёлаў першых беларусаў.

Цікава, што дагэтуль галоўнай постаццю калядоўшчыкаў з’яўляецца «Каза». Гэта мог быць пераапрануты маладзён, або пудзіла з саломы ці з іншых спадручных матэрыялаў.

Між іншым, каза гэта адна з першых жывёлаў, якую засвоілі людзі. Яе задамаўленне адбылося ў горных раёнах Малой Азіі і Месапатаміі да гістарычнага Ірана і датуецца межамі 9-8 тыс. да н.э. У язычніцкай традыцыі беларусаў каза ўвасабляла сямейны лад, дабрабыт і ўрадлівасць – «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць».

Паводле энцыклапедычнага слоўніка міфалогіі беларусаў, каза магла раней быць увасабленне бога, які нараджаецца і памірае. На Каляды ладзіцца абрад: апранутую казу «забівае» дзед-стралок. Каза памірае, але зноў ажывае, пасля чаго пяецца песня пра ўрадлівасць. Відавочна, што «дзед», «старац» выступае ў ролі правадыра ў тагасвет, ён дапамагае перайсці мяжу, каб свет застаўся такім, якім ён мусіў быць.

У многіх месцах у Беларусі ёсць звычай на калядную ноч здымаць вароты, або выцягваць вазы і пераносіць тое, «што дрэнна ляжыць». Гэты звычай таксама звязаны з парушэннем парадку. Каляды былі тым часам, калі дазвалялася рабіць усялякія глупствы. Усе нормы здымаліся. Парадак парушаўся, каб пасля яго можна было аднавіць.

Калядныя варажба

Сакральны час калядаў дазваляў даведацца, што будзе далей, якім будзе год і ўраджай, якім будзе абраннік і далейшы лёс. Варажба была самая розная. На першую куццю варажылі на сене пад абрусам. Гаспадар вячэры выцягваў сяніну, па даўжыні якой меркавалі, якім уродзіцца лён. Практыкаваліся розныя магічныя захады, каб забяспечыць ураджай. Напрыклад пасля вячэры гаспадыня прысядала, каб яе не бачна было з-за стала і пыталася ў гаспадара: ці бачыш ты мяне? Той казаў: не, не бачу. Нашто яна казала: вось, каб ты з-за снапоў, з-за працы не бачыў свету белага ўвесь год! Пасля наадварот.

У старажытныя часы практыкавалі таксама варожбу ў тым ліку і на ўнутраных органах жывёлы (па «касе» ў свінні меркавалі на цэлы год).

На «шчодрык» варажылі ў асноўным дзяўчаты. Прыслухоўваліся адкуль певень крычыць зранку. Гадалі пасля заходу сонца. Напрыклад «мацалі гаўядо». Пасля вячэры дзяўчына ішла ў хлеў і лавіла якую-небудзь дамашнюю жывёлу. Калі гэта быў самец, то яна выйдзе замуж у гэтым годзе. Пяклі бліны, выкладвалі ў радочак і пускалі сабаку. Чый блін першым з’есць, тая першай і замуж пойдзе. Абдымалі вароты. Прыносілі ў ахапцы дровы і лічылі якой будзе колькасць: цотнай ці няцотнай. Парная лічба ў варожбе абяцала хуткае замужжа.

Калядныя ігрышчы-ініцыяцыі

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Цягам усяго каляднага перыяду моладзь гуртавалася на вячорках. Паколькі ў штодзённым жыцці людзі за працай свету не бачылі, вячоркі стваралі выдатную магчымасць пазнаёміцца і прыгледзець сабе пару. Акрамя танцаў і варажбы гулялі ў розныя гульні, якія часта насілі даволі эратычны падсэнс. Унікальнай для Беларусі гульнёй з’яўляецца «Жаніцьба Цярэшкі», якая практыкавалася ў большасці на поўначы краіны. Гульня лічылася непрыстойнай, таму, каб пагуляць, збіраліся ў карчме ці ў хаце ўдавы.

«Абраныя старэйшыя муж і жонка жанілі моладзь. Ладзілася жартаўлівае вяселле, пасля якога новаспечаны «муж» меўся адвесці сваю новую «жонку дадому». У выніку паміж распаленымі маладымі часта даходзіла да фізічных кантактаў. Калі хлопец быў нармальны, то грэх пакрываў і жаніўся», – тлумачыць спадарыня Ірына.

Калядныя гульні часта нагадваюць пра былыя абрады ініцыяцыі.

Такім прыкладам можа служыць гульня «Пячы ката», якая першапачаткова была хлапечай ініцыяцыяй. «Рабілася гэта такім чынам: выпякалася тулава ката, найчасцей з сала або каўбасы дачапляліся лапы і хвост, часам прымацоўваліся геніталіі. Ката высока падвешвалі пасярод хаты, але так, каб можна было дастаць з наскоку зубамі. Хлопец мусіў «пад’ехаць на вілах» да гэтага ката, падскочыць і зубамі адкусіць кавалак. Калі былі геніталіі, то трэба было ў першую чаргу адкусіць геніталіі. Мала хто на гэта быў здатны і той каму першаму гэта ўдалося лічыўся пераможцам», – распавядае даследніца.

Заканчэнне калядаў

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сакральны перыяд трэба было адмыслова завершыць, каб потым вярнуцца да звычайнага жыцця. Зачыняла каляды трэцяя»вадзяная» куцця. У некаторых вёсках існаваў звычай «запісваць Каляду», што азначала пазначыць крэйдай. На хатах і хлявах малявалі крыжыкі, часам каня, гуся ды інш., што мела адпаведную сімволіку. Пазначалася тая прастора, якая пераходзіла на нармальны лад, каб не праніклі нячысцікі. Гэта быў знак, што ім пара сыходзіць. Дагэтуль у каталікоў Польшчы і Беларусі застаўся трансфармаваны звычай на дзвярах пісаць асвенчанай крэйдай першыя літары імёнаў трох каралёў, якія прынеслі дары, маленькаму Хрысту.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў