Пасылкі з Кітаю абвалілі беларускі гандаль і перашкаджаюць айчыннай прамысловасці


Кіраўнік Беларусі ўвёў новыя ліміты на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў: не больш за € 22 і 10 кг у месяц.

Правілы атрымання пасылак па бязмытнай працэдуры ўтрымліваюцца ва ўказе №40, які 11 лютага падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

У выпадку, калі замежная пасылка не будзе адпавядаць новым лімітам, то мыта на яе складзе 30 %.

Стары ліміт у € 200 (будзе актуальны яшчэ прыкладна два месяцы) быў уведзены ў ліпені 2014 года.

Адным з галоўных ініцыятараў увядзення новых лімітаў быў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Ён заявіў, што пасылкі з Кітаю абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці.

Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія замаўляюцца праз інтэрнэт-крамы, наўмысна заніжаецца, мяркуе старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Яны ацэньваюцца ў $5, $10… Хаця на самай справе фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, мыты. Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падлог фактычнага кошту. Што дае магчымасць адыходзіць ад мытаў, плацяжоў і гэтак далей», – заявіў у лістападзе 2015-га Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Прэзідэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі.

Сёлета кіраўнік айчыннага Мытнага камітэту Беларусі Юрый Сянько заявіў, што колькасць пасылак з інтэрнэт-крамаў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Паводле чыноўніка, за апошнія чатыры гады іх стала ў 20 разоў больш.

Цягам апошніх гадоў у Беларусі назіраўся бум на пакупкі ў азіяцкіх інтэрнэт-крамах. Беларусы набывалі там практычна ўсё: ад гаджэтаў да бялізны. У 2015-м у нашу краіну прыйшло амаль 7 млн замежных пасылак, і 70 % з іх – гэта пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах.

У Расеі і Казахстане дзейнічаюць наступныя ліміты на замежныя пасылкі: € 1000 і да 31 кг у месяц на тавары для асабістага карыстання.

Указ №40 уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

ЮВ, belsat.eu, паводле pravo.by

Стужка навінаў