Яшчэ некалькі месяцаў таму сімвалам змагання з дыктатураю быў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, потым на нейкі час да яго далучылася белая стужка. Каб прыцягнуць увагу «органаў», трэба было выйсці на вуліцу і ўзняць сцяг.
Цяпер, каб атрымаць 15 содняў ці штраф, дастаткова звычайнай каляднай бела-чырвонай гірлянды на акне. І гэта вельмі прыкрая сітуацыя… для дыктатара.
Улады пачалі жорсткае змаганне з любымі публічнымі праявамі незадаволенасці грамадзянаў – паводле прынцыпу «чаго не відаць, таго і няма». Тут ёсць свая логіка – там, дзе не відаць таго, што нехта іншы ўжо супраціўляецца, табе пачаць супраціў цяжэй. Ты не адчуваеш, што ты не самотны, не адчуваеш прысутнасці аднадумцаў.
Адначасова, канечне, АМАПу дый простым лукашыстам маральна цяжка быць у раёнах, дзе ў вокнах аніводнага чырвона-зялёнага сцяга, затое на кожным другім-трэцім акне – бел-чырвона-белы. Яны пачуваюцца як на чужой, варожай тэрыторыі, яны – у меншасці, ім банальна страшна.
Разбураюцца міфы прапаганды. Бо адразу відаць, за каго народ – і супраць каго.
Таму ідзе татальная супрацьзаконная зачыстка публічнай прасторы (нават калі гэта вашае прыватнае акно) ад усёй бел-чырвона-белай сімволікі.
Вядома, непрыемна, што дзяржаўныя структуры так ці інакш пакуль выконваюць незаконныя загады, каб дагадзіць аднаму чалавеку і купцы ягоных прыкарытнікаў. Сярод іншага гэта відавочнае беззаконне разбурае аўтарытэт самой беларускай дзяржаўнасці.
Сіла беззаконня ў тым, што няма правілаў гульні – вас могуць пакараць за што заўгодна, калі падазраюць нелаяльнасць. Аднак у гэтым жа і слабасць. «Ну вы ж самі ўсё разумееце?» – «Так, разумею. Але ж і вы таксама разумееце».
Беззаконне знішчае аўтарытэт таго, хто яго чыніць. І заклікае астатніх змагацца.
Акрамя таго, з пэўнага моманту татальнасць пераследу стала контрпрадуктыўнай. За сцягамі на вуліцах пад пераслед трапілі стужкі, кветкі, жаночыя сукенкі ў «нелаяльных колерах», малыя архітэктурныя формы, сцягі на дамах, сцягі на вокнах. Нарэшце – проста любыя «рэчы па схеме БЧБ» на балконах.
Гэтак улады ўласнымі рукамі зрабілі сімвалам пратэсту амаль любую рэч «варожых» колераў. Ад майткоў да зефіркі.
Леташні снегавік з чырвоным шалікам год таму нават не падазраваў, паводле якой «схемы» ён зроблены. Сёлетні снегавік нічым не адрозніваецца, але ўся вуліца цудоўна ведае, за што і супраць чаго ён змагаецца.
☃️ Жыхары Жабінкі лепяць «снежных партызанаў»
Ёсць нават круты снежны барадач.«Вот такие снеговики революционеры были в ушедшее воскресенье!», – пішуць чытачы.
Крыніца: чытачы @Belsat_TV pic.twitter.com/AuNy3Kje1D
— Белсат TV (@Belsat_TV) December 14, 2020
«Яны хацелі нас пахаваць, не ведаючы, што мы – насенне», – кажа адна песня. Літаральна так і атрымалася ў выніку змагання з бел-чырвона-белай сімволікай. І такіх сімвалаў вакол аказалася значна больш, чым было, калі ворагам былі толькі сцягі ў руках пратэстоўцаў.
Літаральна ўсё можа быць гэтым сімвалам. Цяпер, аказваецца, пратэстуе нават самая звычайная калядная гірлянда ў маім ліфце. Пра гэта ніхто гадамі не здагадваўся, затое цяпер увесь пад’езд усведамляе, што яна значыць.
У такім змаганні з ветрам масавага супраціву, які перарастае ў буру, немагчыма перамагчы. Цяпер кожны ў любым спалучэнні белага і чырвонага можа бачыць сімвал пратэсту – ад расфарбоўкі бетонамяшалак да кіпернай стужкі.
Дыктатура сама надае новае значэнне рэчам, якія раней пратэставага значэння не мелі.
Асабліва характэрна, што гэта здарылася якраз напярэдадні таго сезону, у які пануюць белая стыхія і барадаты мужчына ў чырвоным футры.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.