Паспрабуй хоць на вечар стаць вегетарыянцам (-кай)! Гатуем вячэру з «Белсатам»


Сагравальны суп ад вядоўцы праграмы «Прасвет» і кулінарнай блогеркі Аліны Коўшык ці равіёлі са шпінатам ад вядоўцы тэрапеўтычнага кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» Вольгі Прыгаравай?

Ва ўсім свеце 1 кастрычніка адзначаюць Дзень вегетарыянства. Распавядаем, як прыгатаваць цудоўную вячэру з гэтай нагоды, каб не атрымалася, як у прыказцы: плясь у гразь.

Пачнем з супу. Аранжавая поліўка з сачавіцы ды морквы ў халодную пару года – тое што трэба!

Суп-пюрэ з сачавіцы і морквы. Фота 1000i1koushyk.blogspot.com

Сагравальны суп з сачавіцы ды морквы

  • чырвоная сачавіца – 1/2 шклянкі
  • морква – 2 (буйныя)
  • корань салеры – кавалак
  • цыбуля
  • часнык – 1 зубок
  • кмен
  • кумін (зіра)
  • свежы імбір – 1 см
  • вострая папрыка
  • куркума
  • соль
  • какосавы алей (можа быць любы іншы)

Каб падкрэсліць водары прыправаў, у малым рондалі (без алею) разаграваем па дробцы куркумы, папрыкі, зіры і кмену. Затым наразаем цыбулю, сантыметр імбіру ды зубок часныку, дадаем у рондаль разам з лыжкай алею і абсмажваем, пакуль цыбуля не стане празрыстыаю.

Моркву і салеру мыем, чысцім і наразаем кубікамі, дадаем у рондаль і абсмажваем хвілін пяць. Затым мыім і дадаем сачавіцу. Заліваем вадой так, каб над гароднінай заставалася прыкладна 5 см. Гатуем да мяккасці хвілін 15. Час ад часу правяраем, ці «не выпіла» сачавіца ўсю ваду, і калі трэба, дадаем яшчэ.

Гатовы суп змешваем блендэрам. Падаем з лыжкаю смятаны (ёгурту), арахісам і зелянінаю.

На другое (ці замест першага) – равіёлі ад Вольгі Прыгаравай з апошняга выдання тэлешоу «Я не буду гэтага есці!».

Равіёлі з рыкотаю ды шпінатам ад Вольгі Прыгаравай. Фота belsat.eu

Равіёлі з рыкотаю ды шпінатам

  • 1 кг мукі
  • 4 яйкі
  • 5 г солі
  • 250 г рыкоты
  • 250 г свежага шпінату
  • 150 г шампіньёнаў
  • 50 г аліўкавага алею
  • дробка мушкатовага арэху
  • 500 мл вяршкоў 30%
  • 120 г пармезану
  • базілік для ўпрыгожвання

Змешваем муку, яйкі ды ваду ў тугое цеста. Раскочваем тонка пласты, кладзем начынку на ніжні пласт накрываем другім пластом, змазваем месцы змацавання яйкам, рэжам на квадраты, замацоўваем краі відэльцам. Варым у падсоленым кіпні цягам 3–5 хвілін.

Для начынкі абсмажваем грыбы на сухой патэльні (каб выйшла вільгаць), дадаем шпінат, соль, перац, мушкатовы арэх. Абсмажваем нядоўга, каб шпінат застаўся зялёным. Змешваем астылую сумесь з рыкотаю.

Для падлівы змешваем вяршкі з пармезанам і мушкатовым арэхам. Звараныя пельмені паліваем падліўкай і ўпрыгожваем базілікам.

Ну а на дэсерт – хуткае, смачнае і карыснае аўсянае печыва ад глядачкі тэлешоу «Я не буду гэтага есці!» Ліліі Кавальчук. А самае галоўнае – ад такога печыва не паправішся, яно дыетычнае!

Дыетычнае аўсянае печыва. Фота Ліліі Кавальчук

Аўсянае печыва для тых, хто худнее

Аўсянае печыва можна прыгатаваць з «Геркулесу», і пры гэтым нам не спатрэбяцца ні цукар, ні яйкі, ні нават мука. Ролю звязваючага элемента дастанецца банану – гэты крухмалістыя плод веганы выкарыстоўваюць замест яек у выпечцы. Ён жа дазволіць абысціся без цукру. Як дадатак да аўсянага печыва можна ўзяць любыя арэхі і сухафрукты на ваш густ. Напрыклад, разынкі. Цынамон надасць печыву прыемны водар. Такім чынам:

  • 1 банан
  • 1 шклянка аўсяных шматкоў
  • 0,5 ч.л. цынамону
  • 1–2 ст.л. разынак

Спелы салодкі банан разамнем і выкладзем у кубак. Дадамо крыху цынамону для водару. Змяшаем у блендэры, каб атрымалася аднароднае пюрэ. Адставім пакуль у бок. Аўсяныя шматкі змелем у кухонным камбайне альбо пры дапамозе кавамолкі на дробную крошку або да стану мукі. Калі не малоць шматкі, печыва будзе больш нагадваць запечаныя мюслі, што таксама нядрэнна, але менш нагадвае аўсянае печыва з крамы. Змешваем бананавае пюрэ з аўсянай дробкай. Атрымаецца досыць шчыльнае цеста. Дадамо ў яго крыху прапараных разынак (ці іншыя сухафрукты на ваш густ) і яшчэ раз змяшаем.

Намочым рукі ў халоднай вадзе і робім з цеста шайбачкі (або печыва любой іншай формы). Можна проста выкласці цеста сталовай лыжкай на бляху, засланую паперай. Паставім печыва ў духоўку прыкладна на 30 хвілін пры 170 градусах.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама ў Facebook, «Одноклассниках» ды Instagram.

Тэлешоў «Я не буду гэтага есці!» глядзіце па нядзелях а 20:25 на тэлеканале «Белсат» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Інга Астраўцова / ИО, belsat.eu

Стужка навінаў