Пасля здарэння ў «Арэна-Сіці» МНС праверыць бяспеку столі гандлёвых цэнтраў


Падвясныя столі ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах Менску правераць спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Да высновы, што такія меры неабходныя, прыйшла камісія пры Менгарвыканкаме, якая адмыслова сабралася па паседжанне пасля абвалу столі ў ГЦ «Арэна-Сіці», перадае БелТА.

Пра вынікі аглядаў і выкананне дадатковых мерапрыемстваў па бяспецы кіраўнікі раённых адміністрацый павінны паінфармаваць кіраўніцтва Менгарвыканкаму да канца лістапада. Наконт «Арэна-Сіці» гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб забароне доступу ў памяшканні з аналагічным тыпам падвясной столі да атрымання адпаведных заключэнняў спецыялізаваных арганізацыяў.

Супермаркет ProStore на першым паверсе працягне працаваць. Арандатары павільёнаў неэксплутаванай часткі будынку пры неабходнасці змогуць патрапіць туды толькі пры наяўнасці спецыяльных сродкаў абароны, што выдае служба ахова. На тэрыторыі гандлёвага цэнтру размешчаныя папераджальныя стэнды, а небяспечная зона аддзеленая агароджаю.

Удзень 12 лістапада ў ГЦ «Арэна-Сіці» абвалілася падвясная столь. Плошча абрушэння склала 190 кв.м. У выніку пацярпела 24-гадовая супрацоўніца кветкавай крамы, у якой дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу і ўдар мяккіх тканін.

Дакладныя прычыны здарэння і адказныя асобы будуць вызначаныя пасля следчых дзеянняў. СК распачаў адпаведную крымінальную справу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў