Пасля закрыцця «балканскага маршруту» уцекачы знайшлі новы шлях трапіць у Еўропу


Кіраўнік еўрапейскага агенцтва бяспекі межаў «Фронтэкс» ацаніў сітуацыю з уцекачамі на вонкавых рубяжах ЕЗ.

Колькасць уцекачоў на межах Еўрапейскага звязу можа зноў павялічыцца, мяркуе кіраўнік агенцтва «Фронтэкс» Фабрыс Лежэры.

«У Сірыі працягваецца вайна, тэрарыстычная міліцыя «Ісламскай дзяржавы» цяпер асядае ў Паўночнай Афрыкі і дагэтуль у большай частцы свету пануе беднасць», – паведаміў Фабрыс Лежэры ў інтэрвʼю выданню «Die Welt».

Ён заклікаў узмацніць аховы межаў ЕЗ, а таксама стварыць больш юрыдычных спосабаў для мігрантаў патрапіць у Еўропу.

Пасля закрыцця так званага «балканскага маршруту», які ўключаў Македонію ды Сербію, уцекачы пачалі шукаць новыя «дзіркі» у мяжы.

«Мігранты і кантрабандысты шукаюць новыя шляхі. Больш мігрантаў праз Грэцыю і Турцыю накіроўваюцца ў Балгарыю», – адзначыў Фабрыс Лежэры.

У канцы мінулага тыдня прэмʼер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў завіў у інтэрвʼю, што ягоная краіна «амаль у адзіночку» засталася ахоўваць межы Еўразвязу з Турцыяй.

«Я не ведаю, як доўга мы можам вытрымаць ціск мігрантаў на нашай мяжы», – заявіў балгарскі прэмʼер.

НМ, belsat.eu, паводле «Die Welt»

Стужка навінаў