Пасля выпрабаванняў ядравай зброі Паўночнай Карэяй застаецца радыеактыўны газ


Камісія па ядравай бяспецы Паўднёвай Карэі заявіла аб выяўленні слядоў радыеактыўнага газу ксенону, які застаецца пасля выпрабаванняў зброі Паўночнай Карэяй.

«Цяжка вызначыць, зброю якой сілы выкарыстоўвала Паўночная Карэя падчас выпрабаванняў, але дакладна вядома, што газ ксенон паходзіць адтуль», – распавёў прадстаўнік Камісіі па ядравай бяспецы Чой Чонбе ў Сеуле.

Ізатоп ксенон-133, што быў выяўлены Паўднёвай Карэяй, мае радыеактыўныя ўласцівасці і з’яўляецца штучным газам. Камісія па ядравай бяспецы паведамляе, што наступстваў для насельніцтва і навакольнага асяроддзя не заўважана.

3 верасня Паўночная Карэя афіцыйна заявіла пра выпрабаванне вадароднай бомбы, якую яны плануюць усталяваць на новай межкантынентальнай балістычнай ракеце. 5 верасня Ангела Мэркель і Дональд Трамп дамовіліся аб узмацненні санкцыяў супраць Паўночнай Карэі.

Рада Бяспекі ААН 12 верасня па ініцыятыве ЗША  прыняла рэзалюцыю аб санкцыях, на што Паўночная Карэя прыгразіла нарошчваць узбраенне.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў